змагацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. з кім. Біцца, ваяваць са зброяй у руках. — Я прыйшла сюды не для таго, каб ратавацца ад смерці. Я прыйшла змагацца, помсціць ворагу, а не берагчы сябе для мужа. Шамякін. Той, хто сынам можа звацца Беларускай стараны, Будзе да канца змагацца На крутых франтах вайны. Астрэйка. // Спаборнічаць у чым‑н. [Сухавараў] лічыў сябе вельмі цікавым кавалерам, з якім такому настаўніку змагацца ніякім чынам немагчыма. Колас. // перан. Уступаць у сутыкненне (пра пачуцці, імкненні і пад.). Толя маўчаў, і ў душы яго змагаліся тры пачуцці: прыкрая злосць на старога .., нейкі сорам і боязь, што .. ён, дзед партызанскі, бачыць і ведае ўсё. Брыль.

2. з чым, супраць чаго. Супраціўляцца чаму‑н., імкнуцца перамагчы або знішчыць што‑н. Змагацца супраць вайны. ▪ — Яшчэ пяць хвілін я паляжу, і тады буду будзіць Скабакова, — думаю я і змагаюся з цяжкай дрымотай. Чорны.

3. за што. Адстойваць, абараняць што‑н., дамагацца чаго‑н. Змагацца за мір. Змагацца за тэхнічны прагрэс. ▪ [Фёдар Мікалаевіч:] Вадзіцелі з экскаватаршчыкамі змагаюцца за перавыкананне тэхнічных норм. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)