Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прызы́ў, ‑зыву, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прызываць — прызваць (у 2, 3 знач.).

2. зб. Людзі, адначасова прызваныя ў армію. Прызыў мінулага года.

•••

Ленінскі прызыў — масавае ўступленне працоўных у рады Камуністычнай партыі ў 1924 г., якое з’явілася водгукам на смерць У.І. Леніна.

прызыўні́к, ‑а, м.

Той, хто прызываецца на вайсковую службу. У Беларусь Зыбін трапіў прызыўніком. Мележ. У клубе камсамольцы рыхтавалі прызыўнікам развітальны вечар. Гроднеў.

прызы́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які нясе ў сабе прызыў, заклік, гучыць як заклік. Дастаіш да васьмі гадзін і пачуеш, як з усіх бакоў паляцяць да цябе прызыўныя заводскія гудкі. Кулакоўскі. Зазвінелі прызыўныя песні аб вызвалены, зазвінелі яны ад Белага да Чорнага мора, і ад усходу сонца і да захаду сонца... Купала.

прызыўны́, а́я, ‑о́е.

Які мае адносіны да прызыву на вайсковую службу. Прызыўны ўзрост. Прызыўная камісія. Прызыўны пункт.

прызямле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прызямляць — прызямліць і прызямляцца — прызямліцца.

прызямлі́цца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

Апусціцца на зямлю (пра лятальныя апараты, людзей на іх). Меркавалася, што можна будзе прызямліцца на тым партызанскіх аэрадроме, з якога некалі Марыя вылятала. Кулакоўскі. І калі ўсе самалёты прызямліліся на аэрадроме, камандзір падышоў да Ермаловіча. Якімовіч. — Збілі мяне пад Беластокам, — стаў расказваць Кучэрын. — Прызямліўся я на нейкім агародзе. Адчапіў парашут і — ходу. Карпюк. // Разм. жарт. іран. Упасці. Дзядзька Хвядос, нечакана на нешта наткнуўшыся, зляцеў з веласіпеда і прызямліўся ў адхон. Скрыпка.

прызямлі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

Апусціць на зямлю (лятальны апарат). Перамагаючы боль у вачах, Карніенка удала прызямліў самалёт. «ЛіМ».

прызямля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.

Незак. да прызямліцца.

прызямля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да прызямліць.

пры́іск, ‑а, м.

Месца распрацоўкі каштоўнага выкапня. Залатыя прыіскі. Алмазны прыіск.

пры́іскавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прыіска; уласцівы прыіску. Прыіскавы гарадок. Прыіскавыя работы. Прыіскавы разведчык.