Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стака́та,

1. нескл., н. У музыцы — кароткае адрывістае выкананне гукаў, пры якім яны не звязаны адзін з другім. Знак стаката.

2. прысл. Адрывіста, каротка.

[Іт. staccato — адрывіста, асобна.]

стакро́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Тое, што і маргарытка. [Гладыёлус на судзе кветак:] — Няма яшчэ Стакроткі, Чабору і Шыпшыны, але наш час кароткі, пачаць без іх павінны. Дубоўка.

ста́ксель, ‑я, м.

Спец. Касы трохвугольны парус.

[Гал. stagzeil.]

сталава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сталавацца.

сталава́цца, ‑луюся, ‑луешся, ‑луецца; незак.

Харчавацца, мець стол (у 2 знач.) дзе‑н. або ў каго‑н. [Сяргей:] — Знайшоў кватэру недалёка ад заводзіка. Каморка невялічкая. Дамовіўся з гаспадыняй наконт харчу. Буду ў яе сталавацца. Машара. [Саша] ішла злосная, з намерам рашуча заявіць Ані, што, калі яшчэ раз будзе такая бульба і такі боршч — яна больш сталавацца ў яе не будзе, за свае грошы знойдзе кватэру ў любым месцы. Шамякін.

сталагмі́т, ‑а, М ‑міце, м.

Вапняковае ўтварэнне на дне пячор, якое ўзнікае пры падзенні капель вады, насычанай кальцыем і вуглякіслым газам.

[Ад грэч. stalagma — капля.]

сталагмі́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сталагміта, з’яўляецца сталагмітам. Сталагмітавыя ўтварэнні. // Са сталагмітамі. Сталагмітавая пячора.

сталакты́т, ‑а, М ‑тыце, м.

Вапняковае ўтварэнне на столі і сценах пячор, якое ўзнікае ад прасочвання і выпарання вады, насычанай кальцыем і вуглякіслым газам.

[Ад грэч. stalaktos — які капае.]

сталакты́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сталактыта, з’яўляецца сталактытам. Сталактытавыя ўтварэнні. // Са сталактытамі. Сталактытавая пячора.

ста́ласць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць сталага (у 1–3 і 5 знач.); высокая ступень развіцця, дасканаласці. Сталасць думак. Творчая сталасць пісьменніка. Палітычная сталасць моладзі. □ Роля Марылькі была пераходнай ад травесці да гераінь, яна сведчыла аб сталасці таленту актрысы, аб яе акцёрскім майстэрстве. «Полымя». Сярод таварыш[а]ў Сцёпка выдзяляўся сваёю стараннасцю ў навуцы, сваёю сталасцю і сур’ёзнасцю. Колас.

2. Стан арганізма, які дасягнуў поўнага развіцця. Васемнаццаць год — час юнацкай сталасці.

•••

Атэстат сталасці гл. атэстат.