Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; пр. прадаў, ‑дала, ‑дало; заг. прадай; зак., каго-што.

1. Аддаць за пэўную плату. [Гарасім] хацеў прадаць зямлю, а грошы раздаць бедным. Чарнышэвіч.

2. Выдаць каго‑н., здрадзіць каму‑, чаму‑н. Не прадам свой народ я ніколі, Беларусь у баях адстаю. Астрэйка. [Ткачук:] — І знаеш, думаў я, думаў і надумаўся схадзіць усё ж уначы да Мароза. Няўжо, думаю, ён прадасць мяне? Быкаў.

•••

Спаць як пшаніцу прадаўшы гл. спаць.

прадба́чанне, ‑я, н.

Здольнасць прадбачыць тое, што павінна адбыцца. Навуковае прадбачанне. // Меркаванне аб тым, што павінна адбыцца. Бывае, што прадбачанні нават вопытных людзей аказваюцца памылковымі. Ермаловіч.

прадба́чвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прадбачыцца.

2. Зал. да прадбачваць.

прадба́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прадбачыць.

прадба́члівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прадбачлівага. Яго заўсёды здзіўляла ў жанчынах прадбачлівасць і, асабліва, іх мацярынская сіла. Карпаў.

прадба́члівы, ‑ая, ‑ае.

Здольны прадбачыць. Прадбачлівы, нястомны, неадольны, Ён [Ленін] выпраўляў на подзвігі палкі, І днём, і ноччу у бяссонны Смольны Ішлі з усёй Расіі хадакі. Грахоўскі.

прадба́чыцца, ‑чыцца; зак.

Уявіцца ў думках (пра тое, што павінна адбыцца). Па тым, якое высокае стаяла над лесам неба, можна было меркаваць, што дажджу сёння не прадбачылася. Чыгрынаў. — Значыць, гэта адступленне прадбачылася раней, бо патрэбен быў новы плацдарм. Машара.

прадба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

Убачыць наперад, угадаць тое, што павінна адбыцца. Менавіта такую гаворку Антон і прадбачыў: Шыбасаў не будзе віляць, шукаць нейкія адгаворкі, не будзе апраўдвацца. Савіцкі. Я пытаю, ці дома Шайпак. — Як?.. Няма яго дома? Не прадбачыў я гэта ніяк. Куляшоў. // Вывучаючы, аналізуючы факты, даныя і пад., зрабіць правільны вывад аб далейшым развіцці чаго‑н. — Але і самы геніяльны камандуючы не можа ўсё прадбачыць, усё разлічыць, кожны ход ажно да перамогі. Шамякін.

прадвадзі́цель, ‑я, м.

1. Кіраўнік, важак.

2. Тое, што і прадвадзіцель дваранства.

•••

Прадвадзіцель дваранства — прадстаўнік дваранства, які выбіраўся ў царскай Расіі губернскім ці павятовым дваранскім сходам.

прадвадзі́цельскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прадвадзіцеля.