зірну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Разм. Паглядзецца. Заскочыла ў хату Аленка, Тараса Шаўчэнку ўзяла, хустачку на плечы пакінула, зірнулася ў люстэрачка ў бляшанай аправе і на вуліцу выйшла. Колас.
зірну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Кінуць позірк; глянуць, паглядзець. Старыя зірнулі адзін на аднаго, паківалі галовамі. Новікаў. Куды ні зірнеш — усюды іскрыстая бель, аж слепіць вочы. Машара. // Заглянуць куды‑н. Зірнуць за вугал. □ Бондар падышоў да акна, зірнуў на двор. Навуменка. // Глянуць, каб даведацца пра што‑н. [Сашка] яшчэ не ведаў, што гэта за шум такі на вуліцы, і выбег зірнуць. Чорны.
2. перан. Аднесціся да каго‑, чаго‑н. якім‑н. чынам, ацаніць як-небудзь. Другая падзея прымусіла.. [Максіма] яшчэ больш сур’ёзна зірнуць на самога сябе. Шамякін.
зіхатлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які блішчыць, ззяе яркім, пералівістым святлом. Калі ўзнялося зіхатлівае сонца, над танкавымі калонамі ў бязвоблачным лагодным небе паявіліся нашы знішчальнікі. Мележ. // Напоўнены яркім ззяннем, святлом, бляскам. Раніца стаяла яркая, зіхатлівая. Шчарбатаў. // перан. Вельмі яркі, асляпляльны. Зіхатлівая прыгажосць гэтай дзяўчыны і незвычайная яе адвага ў гэтым .. складаным становішчы збівалі .. [Івана] з тропу. Быкаў.
зіхатну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да зіхацець.
зіхаце́нне і зіхце́нне, ‑я, н.
Яркае пералівістае святло, якое выпраменьваецца або адлюстроўваецца чым‑н. Зіхаценне зорак. □ Не так даўно глядзеў шчаслівы ён На баявыя бацькавы медалі, Іх зіхаценне дзіўнае і звон Яму спакою проста не давалі. Вярцінскі. Тут мне дорага ўсё, Да душы прыкіпелі І празрыстасць расы, І зіхценне вясёлак, І вясенняя песня Птушынай капэлы. Матэвушаў.
зіхаце́цца, ‑хачуся, ‑хацішся, ‑хаціцца і зіхце́цца, ‑хчуся, ‑хцішся, ‑хціцца; незак.
Разм. Тое, што і зіхацець, зіхцець. Маякі мігцяць-зіхацяцца. Гурло.
зіхаце́ць, ‑хачу, ‑хаціш, ‑хаціць і зіхце́ць, ‑хчу, ‑хціш, ‑хціць; незак.
1. Блішчаць, ззяць яркім, пералівістым святлом. Дні плылі спякотныя.., сонца зіхацела нясцерпна іскрыстым кругам. Мележ. Падобная на маланку, паласа пералівалася, зіхацела, азараючы панылы горны пейзаж. Шыцік. // Ярка, асляпляльна ўспыхваць. На двор жа страшна было вылезці: само неба, здаецца, лілося на зямлю і раз-поразу зіхацелі агністыя маланкі. Мурашка. І ў зорныя ночы, і ў ясныя дні Зіхцяць электрычнае зваркі агні. Гілевіч.
2. Ярка блішчаць, пералівацца, адбіваючы святло, праменне. На мокрай траве, на лістах алешніку буйнымі кроплямі зіхаціць раса. В. Вольскі. Асляпляльна зіхацеў снег. Шчарбатаў. // чым і без дап. Быць асветленым, упрыгожаным чым‑н. яркім. Елка ўся ў агнях зіхаціць, у цацках, істужкамі розных колераў прыбраная. Пянкрат. Шыбамі аконнымі здалёк зіхацеў маленькі гарадок. А. Вольскі. // Вылучацца яркім або светлым колерам. З аднаго боку клуба зіхацела жоўтай фарбай невялікая прыбудова. Ваданосаў. // Вылучацца навізной, чыстатой. У .. пакоі ўсё зіхацела ад чыстаты. Чорны.
зіха́ць, ‑ае; незак.
Абл. Каротка імгненна бліскаць. Маланка цяпер зіхала амаль бесперапынна. Даніленка.
зіхо́ткі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і зіхатлівы. З чорнага, блішчастага ад макраты каменнага жолаба, разбіваючыся аб скалу, ліўся, зіхоткі струмень вады. Быкаў.