Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

завяра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да заверыць.

завярбо́ваны,

гл. завербаваны.

завярбо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да завербавацца.

2. Зал. да завярбоўваць.

завярбо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да завербаваць.

завярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.

1. Тое, што і завярнуць (у 1 знач.); павярнуцца. Вецер завярнуўся з другога боку. □ Дзік спыніўся, задраў свой лыч, панюхаў паветра, глуха рохнуў і завярнуўся назад. Маўр.

2. Зрабіўшы паварот, змяніць становішча свайго цела; адвярнуцца. Разы два кінуў .. [Арон] поглядам на Ігнася і завярнуўся, стаў глядзець некуды. Мурашка.

3. Разм. Змяніць напрамак (пра дарогу, сцежку і пад.). Дарога завярнулася ўлева, выйшла к рэчцы. Чорны.

4. перан. Разм. Прыбыўшы ў якое‑н. месца, хутка пакінуць яго. — Пабыў [поп] у царкве, у сельсавеце, у клубе, паглядзеў, што тут не тыя людзі, што яму пасціць прыйдзецца, — завярнуўся і махнуў хто ведае куды. Шукае недзе прыстанішча. Пташнікаў.

завярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.

1. Змяніць напрамак свайго руху; павярнуць. Вось машына завярнула з бальшака ў стэп і спынілася. Няхай. Ішла [Хіма] шырокай вуліцай, потым завярнула направа. Вось і дом, куды ёй патрэбна. Каваль.

2. каго-што. Прымусіць рухацца ў іншым напрамку; павярнуць. Касмач завярнуў каня і, ударыўшы яго доўгім лазовым дубцом, паехаў у вёску. М. Ткачоў. // каго. Зайшоўшы, забегчы наперад, пераняць, павярнуць у другі бок. Завярнуць кароў ад шкоды. □ Ігнась завярнуў чараду на палетак і сеў ад ветру на.. шырокай мяжы. Мурашка.

3. што. Паварочваючы, змяніць становішча чаго‑н. Віктар спрытна завярнуў .. [мужчыну] рукі назад і аклікнуў чалавека, які нясмела выглядваў з-за брамы. Асіпенка. // Загнуць, адвярнуць. Славік грэбліва змахнуў крошкі, завярнуў рог запэцканага абруса. Шамякін.

4. Змяніць напрамак (пра дарогу, сцежку і пад.). Дарога завярнула ў лес.

5. Разм. Зайсці, заехаць куды‑н. мімаходам. І пасля паўдня ўжо то той, то другі заверне пад Гнілое балота, хоць здалёк паглядзець, што там робіцца. Колас. [Чыжык] не сказаў Саўчанку пра жонку, сказаў толькі, што заверне да бацькоў на якую гадзіну. Лупсякоў.

6. каго-што. Разм. Заваліць, закідаць чым‑н. Князевы слугі, віжуючы навокал, толькі і чакалі зручнага моманту: падкраўшыся да соннага асілка, яны завярнулі яго векавымі соснамі. У. Калеснік.

•••

Завярнуць аглоблі — тое, што і павярнуць аглоблі (гл. павярнуць).

завярста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Скласці старонкі (палосы) з наборных радкоў тэксту, табліц, ілюстрацый; звярстаць. Завярстаць кнігу.

завярце́цца, ‑вярчуся, ‑верцішся, ‑верціцца; зак.

Пачаць вярцецца.

завярце́ць 1, ‑вярчу, ‑верціш, ‑верціць; зак., каго-што.

Абгарнуць, абматаць чым‑н. з усіх бакоў. Завярцець пакунак у газету. □ — Прамый ды завярці [нагу], я табе чыстай анучкі пашукаю. Чорны.

завярце́ць 2, ‑вярчу, ‑верціш, ‑верціць; зак.

Пачаць вярцець.

завярша́льнік, ‑а, м.

Той, хто канчае, завяршае якую‑н. справу. Гэта была маналітная армія старых і юных, .. пачынальнікаў і завяршальнікаў адной вялікай ідэі, ідэі Леніна. Мікуліч.