завярнуць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.

1. Змяніць напрамак свайго руху; павярнуць. Вось машына завярнула з бальшака ў стэп і спынілася. Няхай. Ішла [Хіма] шырокай вуліцай, потым завярнула направа. Вось і дом, куды ёй патрэбна. Каваль.

2. каго-што. Прымусіць рухацца ў іншым напрамку; павярнуць. Касмач завярнуў каня і, ударыўшы яго доўгім лазовым дубцом, паехаў у вёску. М. Ткачоў. // каго. Зайшоўшы, забегчы наперад, пераняць, павярнуць у другі бок. Завярнуць кароў ад шкоды. ▪ Ігнась завярнуў чараду на палетак і сеў ад ветру на.. шырокай мяжы. Мурашка.

3. што. Паварочваючы, змяніць становішча чаго‑н. Віктар спрытна завярнуў .. [мужчыну] рукі назад і аклікнуў чалавека, які нясмела выглядваў з-за брамы. Асіпенка. // Загнуць, адвярнуць. Славік грэбліва змахнуў крошкі, завярнуў рог запэцканага абруса. Шамякін.

4. Змяніць напрамак (пра дарогу, сцежку і пад.). Дарога завярнула ў лес.

5. Разм. Зайсці, заехаць куды‑н. мімаходам. І пасля паўдня ўжо то той, то другі заверне пад Гнілое балота, хоць здалёк паглядзець, што там робіцца. Колас. [Чыжык] не сказаў Саўчанку пра жонку, сказаў толькі, што заверне да бацькоў на якую гадзіну. Лупсякоў.

6. каго-што. Разм. Заваліць, закідаць чым‑н. Князевы слугі, віжуючы навокал, толькі і чакалі зручнага моманту: падкраўшыся да соннага асілка, яны завярнулі яго векавымі соснамі. У. Калеснік.

•••

Завярнуць аглоблі — тое, што і павярнуць аглоблі (гл. павярнуць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)