Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прада, прыназ. з Т.

Тое, што і прад у спалучэнні прада мной (мною). Раптам — стаіць [дзяўчынка] прада мною сама. Кірэенка.

прадава́цца, ‑даюся, ‑даешся, ‑даецца; незак.

1. Незак. да прадацца.

2. Зал. да прадаваць.

прадава́ць, ‑даю, ‑даеш, ‑дае.

Незак. да прадаць.

•••

Дрыжыкі прадаваць — дрыжаць, трэсціся ад холаду.

За што купіў, за тое і прадаю гл. купіць.

прадаве́ц, ‑даўца, м.

Той, хто прадае што‑н. Кожны прадавец імкнуўся як мага вышэй падняць сваю клетку або жэрдачку, на якой сядзела птушка, каб спакусіць багатых пакупнікоў. Арабей. // Работнік магазіна, гандлёвага прадпрыемства, які прадае тавар пакупнікам. Там быў магазін, дзе загадчыкам і прадаўцом працавалі свае людзі. Новікаў.

прада́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прадаць.

прада́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прадажнага (у 3, 4 знач.). Прадажнасць усіх пачуццяў пры ладзе капіталізму знайшла сваё выдатнае выяўленне ў шмат якіх мастацкіх творах. Кучар.

прада́жнік, ‑а, м.

Той, хто прадае, прадаў (у 2 знач.) каго‑, што‑н.; здраднік. Знайшоўся ж прадажнік, што цераз балота Чужынцаў правёў, каб людзей загубіць. Зарыцкі.

прада́жніца, ‑ы, ж.

Жан. да прадажнік.

прада́жніцкі, ‑ая, ‑ае.

1. Уласцівы прадажніку; здрадніцкі. Прадажніцкае забойства.

2. перан. Каварны, падманлівы; на якога нельга спадзявацца.

прада́жніцтва, ‑а, н.

Прадажніцкія паводзіны, учынкі. Безумоўна, ад страху ці нянавісці людзі здольныя на самае чорнае прадажніцтва, але Рыбак, здаецца, не быў ворагам, таксама як не быў баязліўцам. Быкаў.