прызабы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак., каго-што.
Разм. Не поўнасцю захаваць у памяці; у некаторай ступені забыць. Андрэй быў ужо прызабыў пра яго, але калі ўбачыў, крыкнуў: — Пеця! Пестрак.
прызавы́ 1, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да прыза 1, звязаны са спаборніцтвамі на прыз. Прызавое месца. Прызавыя медалі.
прызавы́ 2, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да прыза 2. Прызавое судна.
прызаду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Аддацца роздуму; задумацца. Злезшы з цягніка, .. Рыгор не на жарты прызадумаўся, як яму быць і што рабіць? Гартны. З першых тыдняў давялося моцна прызадумацца, чаму работа не ладзіцца і першы месячны план недавыканалі... Сапрыка.
прызапа́сіць, ‑пашу, ‑пасіш, ‑пасіць; зак., што і чаго.
Зрабіць запас чаго‑н. Я трохі грошай прызапасіў і рашыў не марнаваць часу, а ваяваць за свой праект. Хомчанка. Не, на два тыдні — мала. Харчы трэба прызапасіць не менш як на два месяцы. Гурскі. Ты мне, Кузьма, падкінь які воз саломы, — просіць Птах. — А я табе к зіме трохі газы прызапашу. Навуменка. // Падрыхтаваць, зрабіць што‑н. загадзя. Мы ўжо даўно прызапасілі ёмкія кляновыя дручкі, нарэзалі гладкіх дубовых кацёлак. Якімовіч. — Брускоў і грабільнаў я прызапасіў раней, вунь тырчаць пад застрэшшам. Рылько.
прызапа́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прызапасіць.
прызапа́швацца, ‑аецца; незак.
Зал. да прызапашваць.
прызапа́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прызапасіць.
пры́зба, ‑ы, ж.
Невысокі, звычайна земляны насып уздоўж сцяны хаты, зроблены для ўцяплення памяшкання. Вакол усёй хаты насыпана прызба... Ды не абы якая прызба. Гады са два назад мы з бацькам паехалі на Рагазінку на балота — там расла лаза, насеклі яе добры воз і аплялі невысокім плоцікам прызбу. Сабаленка. Збіраліся [сяляне] пасядзець то на вячорках, то на прызбах, каб і пажартаваць і паплакаць. Скрыган. Выйдзе стары Базыль на вуліцу і сядзе на прызбе. Колас.
прызва́нне, ‑я, н.
Унутраная цяга і здольнасць да якой‑н. справы, прафесіі. Але прызванне Максімкі было не ў гэтым. Музыкай ён займаўся толькі ў час адпачынку, а больш за ўсё яму хацелася будаваць. Гурскі. З фельчарскімі абавязкамі вы спраўляецеся някепска, але мне здаецца, што па прызванню вы ўсё ж не медык. Арабей. Арганізоўваць, камандаваць — гэта .. [Сцёпкава] прызванне, яго стыхія. Жычка. // Прызначэнне. — Знаеце, што я вам скажу, Міцкевіч? — узрушана прамовіў Кудрынскі. — Беларускі верш — вось ваша сапраўднае прызванне! С. Александровіч.
прызва́цца, ‑завуся, ‑завешся, ‑завецца; ‑завёмся, ‑завяцеся; зак.
Разм. Пайсці ў армію па прызыву. І Ігнась падаваўся далей на ўсход, каб усё ж прызвацца ў войска. Гурскі. — А чаму табе, браце, у Мінскім ваенкамаце Не прызвацца было?.. Куляшоў.