Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прэферэ́нцыя, ‑і, ж.

Спец. Перавага, прывілея, ільгота, якая даецца каму‑н. Гандлёвыя прэферэнцыі. Эканамічныя прэферэнцыі.

[Ад лац. praeferentia — перавага.]

прэ́фікс, ‑а, м.

Тое, што і прыстаўка (у 1 знач.).

[Ад лац. praefixus — прымацаваны спераду.]

прэфікса́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прэфікса, з прэфіксам. Прэфіксальны спосаб утварэння. Прэфіксальныя дзеясловы.

прэфікса́цыя, ‑і, ж.

Спосаб утварэння слоў шляхам далучэння прэфікса.

прэцызі́йны, ‑ая, ‑ае.

Які вызначаецца дакладнасцю. Прэцызійныя станкі. Прэцызійныя электравымяральныя прыборы. Прэцызійныя сплавы.

[Ад фр. précision — дакладнасць.]

прэцыпіта́т, ‑у, М ‑таце, м.

1. Спец. Асадак.

2. Штучнае фосфарнае ўгнаенне ў выглядзе белага парашку.

[Ад лац. praecipitatus — скінуты ўніз.]

прэць, прэю, прэеш, прэе; незак.

1. Гнісці, псавацца ад сырасці і цеплыні. Было тут калісьці — Багнішчы-балоты, ў дрыгве прэла лісце, Асокі, чароты... Купала. // Станавіцца запалёным ад перагравання і поту (пра скуру).

2. Разм. Пацець, пакрывацца потам ад цеплыні, цёплага адзення. Цыганы прэлі пад сваімі паласатымі коўдрамі, і я пазайздросціў людзям. Чыгрынаў. // перан. Старанна, шчыра займацца якой‑н. справай, трацячы шмат часу і сіл.

3. Разм. Ратавацца, даходзіць да поўнай гатоўнасці на невялікім агні. Бульба прэе. □ І свіную рабрынку, якая прэла ў .. баршчы, я браў не відэльцам.., а пальцамі, як у дзяцінстве. Сабаленка.

прэцэдэ́нт, ‑у, М ‑нце, м.

Кніжн. Выпадак у мінулым, які служыць прыкладам або апраўданнем для падобных выпадкаў у будучым. Савецкія людзі не маюць перад сабой гістарычных прэцэдэнтаў, ідуць нязведаным шляхам. «Звязда». // Рашэнне суда або іншага органа дзяржаўнай улады, якое прымаецца за ўзор пры рашэнні аналагічных выпадкаў. Судовы прэцэдэнт.

[Ад лац. praecedens, praecedentis — папярэдні.]

прэцэ́сія, ‑і, ж.

Спец. Рух восі ўласнага вярчэння цвёрдага цела, пры якім яна апісвае кругавую канічную паверхню.

[Лац. praecessio.]

прэч, прысл.

1. У напрамку аддалення ад каго‑, чаго‑н., убок ад каго‑, чаго‑н. Да Міколкі падскочыў спешаны коннік, сівы нямецкі вахмістр. Ён выстраліў некалькі разоў у Міколку і потым.. падаўся прэч. Лынькоў. [Каця] павярнулася і, сагнуўшыся, памалу пайшла прэч. Андрэй кінуўся за ёю. Чарнышэвіч. Алесь адламаў пашчапаныя дошкі, адкінуў прэч. Ваданосаў. // у знач. вык. Як патрабаванне адысці, пайсці, адсунуцца і г. д. (пры прапушчаным дзеяслове). [Бацька:] — Прэч дадому, блазнюк! Яшчэ цябе тут не хапала. Бажко. — Ану, прэч ад машыны! — сказаў ён [шафёр], штурхнуўшы Хаму Хаміча, і палез у кабіну. Корбан.

2. у знач. вык. Як патрабаванне або нежаданне пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н. Як гром, пранёсся кліч: — Таварышы, прэч цара! — Далоў вайну, — Далоў людское гора! А. Александровіч.