Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прагрыме́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак.

1. Утварыць моцны гук, грукат. Раскаціста прагрымеў гром. Сіняўскі. Увесь дзень пякло, прыпарвала, а пад вечар прагрымела навальніца. Хадкевіч. // чым. Моцна стукнуць чым‑н. Саша сама прагрымела ў печы заслонкай, чыгунамі і зазірнула ў свой пакой, дзе сядзеў Пятро, зноў нечым збянтэжаная. Шамякін. // Праехаць з моцным шумам, грукатам. Дарога была ціхая, зрэдку дзе прагрыміць машына ды праскочыць матацыкліст. Сабаленка. Па чыгунцы, якая праходзіла адразу за балотам, прагрымеў поезд. Новікаў. // Прагучаць з вялікай сілай. Але не зрабілі.. [немцы] і двух крокаў, як зноў прагрымеў дружны партызанскі залп. Шчарбатаў. Як бы для таго, каб пацвердзіць .. [Шкробатавы] словы, зусім блізка прагрымела некалькі вінтовачных стрэлаў. Галавач. // Разм. Сказаць што‑н. гучна, грамавым голасам. — Гэта што яшчэ? — прагрымеў у насцярожанай цішыні.. голас [настаўніка]. Якімовіч.

2. перан. Атрымаць гучную славу, праславіцца. Клас прагрымеў на ўсю школу сваім аўтамабільным гуртком. Жычка.

3. Грымець некаторы час.

прагрэ́бці, ‑грабу, ‑грабеш, ‑грабе; ‑грабём, ‑грабяце; пр. прагроб, ‑грэбла і ‑грабла, ‑грэбла і ‑грабло; заг. праграбі; зак., што.

1. Грабучы, расчысціць, прачысціць што‑н. Прагрэбці дарожку.

2. і без дап. Грэбці некаторы час.

прагрэ́с, ‑у, м.

Рух наперад, пераход на больш высокую ступень у развіцці. Тэхнічны прагрэс. // Развіццё чаго-небудзь, паляпшэнне; проціл. рэгрэс.

[Ад лац. progressus — рух наперад.]

прагрэсі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. Паступова ўзмацняцца, павялічвацца. Хвароба прагрэсіруе.

2. Удасканальвацца, ісці па шляху прагрэсу. Каліноўскі разумеў, што грамадскае жыццё не стаіць на адным месцы, яно развіваецца, прагрэсіруе. Лушчыцкі.

прагрэсі́руючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад прагрэсіраваць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які ўзмацняецца, павялічваецца, рухаецца ўперад. Прагрэсіруючая хвароба.

3. Дзеепрысл. незак. ад прагрэсіраваць.

прагрэсі́ст, ‑а, М ‑сісце, м.

Кніжн. Прыхільнік прагрэсу.

прагрэсі́ўка, ‑і, ДМ ‑сіўцы; Р мн. ‑сівак; ж.

Разм. Прагрэсіўная аплата за выкананне здзельнай работы звыш нормы. [Рабочы:] — Вось чаго я не магу зразумець? У яго пяты разрад, у Косці — другі, а прагрэсіўку дзеляць. Дзівак! Шамякін.

прагрэсі́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прагрэсіўнага (у 2 знач.).

прагрэсі́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які паступова ўзрастае. Прагрэсіўная аплата працы.

2. Які імкнецца да прагрэсу, перадавы ў палітычных, сацыяльна-эканамічных адносінах. Гаварыць пачаў Анры Люсан, рэдактар прагрэсіўнай газеты. Шамякін.

прагрэ́сія, ‑і, ж.

У матэматыцы — рад лікаў, у якім кожны атрымліваецца з папярэдняга шляхам прыбаўлення пастаяннага для данай прагрэсіі ліку (арыфметычная прагрэсія) або шляхам памнажэння на пастаянны лік (геаметрычная прагрэсія).

[Ад лац. progressio — рух наперад.]