Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прэтэндэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Той, хто прэтэндуе на што‑н., мае падставы на валоданне чым‑н., на атрыманне чаго‑н. — Скажыце, між іншым, — Ваўчок павярнуў на мяне твар і прыцішыў голас, — .. ёсць, акрамя нас, сёлета сур’ёзныя прэтэндэнты на пераходны сцяг Савета Міністраў і ЦК? Хадкевіч. // Той, хто прэтэндуе на атрыманне якога‑н. звання, узнагароды і пад. за выкананую працу. Прэтэндэнт на атрыманне ступені кандыдата навук. Прэтэндэнт на атрыманне дзяржаўнай прэміі.

[Ад лац. praetendens, praetendentis — які дамагаецца.]

прэтэндэ́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да прэтэндэнт.

прэтэ́нзія, ‑і, ж.

1. Прад’яўленне сваіх правоў на каго‑, што‑н.; патрабаванне чаго‑н. — Я напішу, каб сельсавет у трохдзённы тэрмін законна ўрэгуляваў гэтае пытанне з зямлёю, на якую вы маеце прэтэнзію... Галавач. У гэтых словах угадвалася прэтэнзія, можа, нават на кіраўніцтва калгасам. Дуброўскі.

2. Патрабаванне незадаволенасць, прад’яўленыя да каго‑, чаго‑н.; скарга. У сталявараў нямала прэтэнзій да рабочых тых аддзяленняў сталеліцейнага цэха, ад якіх залежыць паспяховая работа. Данілевіч. // Спец. Заява крэдытора, пакупніка, у якой выказваецца пратэст даўжніку, пастаўшчыку з прычыны парушэння ўмоў пагаднення.

3. Імкненне прыпісаць сабе ўласцівасці, якасці, якіх звычайна няма. Скаромны быў чалавек з прэтэнзіямі на інтэлігентнасць. Колас. [Пан Чарапіцкі] гаворыць, як сячэ, — з прыціскам, з прэтэнзіямі на віртуозную элегантнасць. Пестрак.

•••

У прэтэнзіі (быць) на каго-што — адчуваць незадаволенасць кім‑, чым‑н., крыўду на каго‑, што‑н.

[Лац. praetensio.]

прэтэнцыёзнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць прэтэнцыёзнага, вычварнасць.

прэтэнцыёзны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які прэтэндуе на арыгінальнасць; надуманы, манерны. Прэтэнцыёзная назва. Прэтэнцыёзная архітэктура.

[Ад фр. prétentieux.]

прэфе́кт, ‑а, М ‑кце, м.

1. У Старажытным Рыме — назва розных адміністрацыйных і вайсковых пасад, а таксама асоб, якія займалі гэтыя пасады.

2. У Францыі — адказная асоба, якая ўзначальвае дэпартамент.

3. У некаторых буржуазных краінах — начальнік паліцыі.

[Ад лац. praefectus — начальнік.]

прэфекту́ра, ‑ы, ж.

1. Адзінка адміністрацыйнага падзелу ў Рымскай імперыі.

2. У некаторых буржуазных краінах — орган кіравання адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай.

3. Службовае памяшканне прэфекта, яго канцылярыя.

[Лац. praefectura.]

прэфера́нс, ‑а, м.

Картачная гульня. Пажылыя бавілі час за прэферансам, захапляліся картамі і спірытызмам. «Полымя».

[Фр. préférence.]

прэферансі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто гуляе ў прэферанс. [Аляксей Пятровіч:] — Мая стыхія — прэферанс. Толькі я нешта не бачу тут прэферансістаў. Васілёнак.

прэферэнцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прэферэнцыі, заснаваны на прэферэнцыі. Прэферэнцыйная сістэма. Прэферэнцыйная пошліна.