Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прэла́т, ‑а, М ‑лаце, м.

Вышэйшая духоўная асоба (архіепіскап, епіскап, ігумен) у каталіцкай і англіканскай цэрквах.

[Ад лац. praelatus — пастаўлены над кім‑н.]

прэла́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прэлата.

прэла́цтва, ‑а, н.

Званне, сан, пасада прэлата.

прэліміна́рны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Папярэдні. Прэлімінарны дагавор.

прэліміна́рыі, ‑яў; адз. няма.

Спец. Папярэднія, падрыхтоўчыя рашэнні, перагаворы.

[Ад лац. prae — раней, перад і limen, liminis — пачатак.]

прэ́ліна, ‑ы, ж.

Разм.

1. Прэлае месца на скуры. Здалося, што з балотнай вадою сплыло з ног усё: і цяжкі размяклы абутак, і .. боль прэліны, і ламота ў суставах. Кулакоўскі.

2. Тое, што і прэласць. З ракі патыхае прэлінаю. Барадулін.

прэ́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які сатлеў, збуцвеў пад уздзеяннем вільгаці і цяпла. Прабіўшыся праз траву і прэлае лісце, на высокай ножцы красаваўся падасінавік. Шахавец. Стаяў духмяны пах прэлай ігліцы, багуну і разагрэтай смалы. С. Александровіч. Ад вярбы патыхае гніллю і прэлай карою. Бажко. // Які, сапрэўшы, сапсаваўся. Прэлае збожжа. Прэлая мука. Прэлая скура.

2. Прасякнуты, насычаны сырасцю, гніллю. Густы вецер даносіў з лесу цёплы прэлы пах лісця і грыбоў. Ваданосаў.

прэль, ‑і, ж.

1. Тое, што сапрэла, згніло, сапсавалася пад уздзеяннем вільгаці і цяпла. Пан Зыгмусь гной дабывае і посцілкамі на сабе цягае з лесу дабро: калю[ч]кі, мох і розную прэль і гніль і раскідае на папары, бо ўвосень тут жыта сеяць будзе. Колас. Грыбы вылазяць, падымаючы на сваіх шапках пласт лясной прэлі. Чарнышэвіч.

2. Пах чаго‑н. прэлага. Міця залез пад мост — у твар патыхнула вільгаццю, прэллю. Навуменка.

3. Сухая гніль; цвіль. Яблыкі з прэллю.

прэлю́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Тое, што і прэлюдыя (у 2 знач.).

прэлю́дыя, ‑і, ж.

1. Уступ да музычнага твора. // перан. Тое, што гаворыцца, робіцца перад чым‑н. галоўным у якасці ўступу. У машыне Бурмакоў распытваў Паўла пра апошнія работы, пра Мінск, дзе акадэміку ніяк не выпадала пабываць. Павел адказваў, разумеючы, што гэта толькі прэлюдыя. Шыцік.

2. Самастойная музычная п’еса, галоўным чынам для фартэпіяна, якая не мае пэўнай формы.

[Ад лац. praelundere — іграць папярэдне.]