Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

эспарцэ́т, ‑у, М ‑цэце, м.

Кармавая меданосная шматгадовая травяністая расліна сямейства бабовых. Калгас «Сцяг камунізма» пачаў вырошчваць бабовую культуру эспарцэт. «Беларусь».

[Фр. esparcette.]

эспарцэ́тавы, ‑ая, ‑ае.

Прыгатаваны з эспарцэту. Эспарцэтавае сена.

эспера́нта, нескл., н.

Штучная міжнародная мова, створаная польскім урачом Заменгофам у канцы 19 ст. на матэрыяле найбольш пашыраных еўрапейскіх моў.

[Ад фр. esperer — спадзявацца.]

эсперанты́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто карыстаецца мовай эсперанта; спецыяліст па эсперанта.

эсперанты́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да эсперантыст.

эсплана́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Незабудаванае месца паміж крапаснымі сценамі і гарадскімі збудаваннямі.

2. Плошча, участак зямлі перад якім‑н. вялікім будынкам.

3. Шырокая вуліца з алеямі пасярэдзіне.

[Фр. esplanade.]

эстака́да 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Спец. Збудаванне маставога тыпу для падняцця шляхоў зносін над паверхняй зямлі, над вадой, якое дазваляе праезд або праход пад ім, а таксама для пракладвання інжынерных камунікацый, забеспячэння пагрузачных ці разгрузачных работ. Доўга думалі, як паскорыць пагрузку торфу, і нарэшце дадумаліся: зрабілі эстакаду — насціл, адзін канец якога абапіраецца на зямлю, другі — падымаецца метры на тры на моцных рыштаваннях. Дуброўскі. [Дырэктар] радаваўся новай камбінатаўскай чыгунцы, а вочы ўжо глядзелі ў бок эстакады, дзе пад пагрузкаю стаялі першыя вагоны. Карамазаў. Над зямлёй у розных кірунках ішлі эстакады — высокія жалезабетонныя падпоры, на якіх цягнуліся трубы. Хадкевіч. І вось завод з яго карпусамі — галоўным, вапнавым, механічным, са складалі гатовай прадукцыі — высокімі круглымі цыстэрнамі, да якіх па эстакадах праз увесь двор ад галоўнага корпуса цягнуцца металічныя трубаправоды. Скрыган. // Абарончая падводная загарода з паль на рэках і марскіх праходах.

[Фр. estacade.]

эстака́да 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Прамы перпендыкулярны ўдар рапірай, шпагай, эспадронам пры фехтаванні.

[Фр. estacade.]

эстака́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эстакады ​1, зроблены, пабудаваны з дапамогай эстакад. Эстакадны праезд.

эста́мп, ‑а, м.

Адбітак якога‑н. відарыса на паперы, тканіне, пергаменце і пад., зробленага самім мастаком або майстрам-гравёрам. [Зося] хутка ўвайшла ў цемнаваты цесны калідорчык, павярнула налева і спынілася ў шырокіх дзвярах, аслепленая бляскам мэблі, эстампаў на сценах.. і яшчэ многага іншага, чым быў устаўлены нізкі стол на тонкіх ножках. Шамякін.

[Фр. estampe ад іт. stampa — друк, адбітак.]

эста́мпны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эстампа, прызначаны для эстампа.