Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

энергі́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан энергічнага. У канторы МТС Аляксей застаў галоўнага механіка Баранава, і той праявіў неўласцівыя яму энергічнасць і заклапочанасць. Шамякін.

энергі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны энергіі (у 2 знач.); дзейны, актыўны. Прафесар глядзеў на студэнтаў і радаваўся, што гэтыя маладыя, шчаслівыя, энергічныя людзі панясуць яго веды ва ўсе канцы Радзімы. Дуброўскі. Сцяпан Фёдаравіч выявіў сябе спрытным камандзірам і энергічным чалавекам. Мележ. // Які выражае актыўнасць, дзейную сілу. Барады ў старшыні няма і вусы выйшлі слаба, але твар энергічны і досыць прыгожы. Колас. // Прасякнуты сілай, энергіяй. Валатовіч энергічным рухам адсунуў ад сябе попельніцу, паперы. Шамякін. Яшчэ да таго, як паступіў у спартыўную школу, не раз, сустрэўшы на вуліцы, я захапляўся .. фігурай [Левандоўскага], даведзенай да дасканалай сіметрыі і прапорцыі. Таксама кідаліся ў вочы яго энергічная хада і добрыя манеры. Карпюк.

2. Рашучы, настойлівы. У адзін міг, відаць, па трапнаму загаду Адамчука, энергічным кідком рушыла наперад першае аддзяленне. Кулакоўскі.

эне́ргія, ‑і, ж.

1. Адна з асноўных уласцівасцей матэрыі — агульная колькасная мера руху і ўзаемадзеяння ўсіх яе відаў. Закон захавання энергіі. □ Дзяленне ядзер урану суправаджаецца выдзяленнем вялікай колькасці энергіі. «Маладосць». // Здольнасць якога‑н. цела, рэчыва і пад. выконваць якую‑н. работу або быць крыніцай той сілы, якая можа выконваць работу. Шмат часу забірала .. вырашэнне такіх пытанняў, як выкарыстанне энергіі марскіх прыліваў і адліваў або атрыманне яе з арктычнага холаду. Шахавец. Невядомых скарбаў і энергій у прыродзе вельмі многа. Бядуля. // Разм. Электрычны ток. Свая электрастанцыя давала энергію. Гурскі.

2. Дзейная сіла, спалучаная з настойлівасцю ў дасягненні пастаўленай мэты. Усе гэтыя дні Сузан хадзіў вясёлы і ўзрушаны. Ён праявіў нават пэўную энергію і заклапочанасць. Лынькоў. — Аса! аса! — дружна крычалі студэнты, пляскаючы ў далоні і захапляючыся хараством і нястрымнай энергіяй дзяўчыны. Дуброўскі. Многа трэба было энергіі і старання, каб кожная група была зацікаўлена ў сваёй рабоце, каб увесь час трымаць школу на вышыні таго ці іншага настрою. Колас.

•••

Ядзерная (атамная) энергія — унутраная энергія атамнага ядра, якая вылучаецца пры ядзерных рэакцыях.

[Ад грэч. enérgeia — дзеянне, дзейнасць.]

э́нец,

гл. энцы.

энзі́мы, ‑аў; адз. энзім, ‑у, м.

Спец. Ферменты.

[Ад грэч. en — у, унутры і zymē — закваска.]

энзэ́, нескл., м.

Разм. Непарушны запас. Адну лустачку — мой ці Жарнакоў паёк — мы з’ядалі адразу ўранні, другая лустачка ішла ў энзэ. Брыль.

э́нка,

гл. энцы.

энка́ўстыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Спец. Жывапіс, які выконваецца расплаўленымі васковымі фарбамі. На выстаўцы была прадстаўлена і энкаўстыка.

[Грэч. enkaustiké ад enkáiō — выпальваю.]

энкаўсты́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да энкаўстыкі; выкананы метадам энкаўстыкі. Энкаўстычная тэхніка. Энкаўстычны жывапіс.

энкла́ў, ‑лава, м.

Спец. Тэрыторыя або частка тэрыторыі дзяржавы, акружаная з усіх бакоў тэрыторыяй якой‑н. іншай дзяржавы; анклаў.

[Фр. enclave.]