энергічны, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны энергіі (у 2 знач.); дзейны, актыўны. Прафесар глядзеў на студэнтаў і радаваўся, што гэтыя маладыя, шчаслівыя, энергічныя людзі панясуць яго веды ва ўсе канцы Радзімы. Дуброўскі. Сцяпан Фёдаравіч выявіў сябе спрытным камандзірам і энергічным чалавекам. Мележ. // Які выражае актыўнасць, дзейную сілу. Барады ў старшыні няма і вусы выйшлі слаба, але твар энергічны і досыць прыгожы. Колас. // Прасякнуты сілай, энергіяй. Валатовіч энергічным рухам адсунуў ад сябе попельніцу, паперы. Шамякін. Яшчэ да таго, як паступіў у спартыўную школу, не раз, сустрэўшы на вуліцы, я захапляўся .. фігурай [Левандоўскага], даведзенай да дасканалай сіметрыі і прапорцыі. Таксама кідаліся ў вочы яго энергічная хада і добрыя манеры. Карпюк.

2. Рашучы, настойлівы. У адзін міг, відаць, па трапнаму загаду Адамчука, энергічным кідком рушыла наперад першае аддзяленне. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)