Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чырвонаарме́ец, ‑мейца, м.

Баец Чырвонай Арміі. Загарэлыя, запыленыя, але бадзёрыя і вясёлыя, як адзін, праходзілі чырвонаармейцы. Чарот.

чырвонаарме́йскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чырвонаармейца, належыць яму. Чырвонаармейская пілотка. □ Высокая, з прыгожымі .. вачыма, стройная, у чырвонаармейскім адзенні, Тоня Любчанка вылучалася сярод сваіх сябровак. Шчарбатаў.

2. Які мае адносіны да Чырвонай Арміі. Чырвонаармейскія часці.

чырвонагало́вік, ‑а, м.

Тое, што і падасінавік. Чырвонагаловікі і бабкі хаваюцца ў высокай траве на палянах. Чорны.

чырвонагало́вы, ‑ая, ‑ае.

З чырвонай галавой, галоўкай. Цяжка сабе ўявіць наш веснавы беларускі лес без гэтага барабаннага пошчаку чырвонагаловых дзятлаў. Ігнаценка.

чырвонагвардзе́ец, ‑дзейца, м.

Баец Чырвонай гвардыі. Іван Міхайлавіч добра ведаў дарогу. Не раз даводзілася яму праводзіць па ёй сваіх чырвонагвардзейцаў. Шыловіч.

чырвонагвардзе́йскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чырвонагвардзейца. Чырвонагвардзейскі шлем.

2. Які мае адносіны да Чырвонай гвардыі. У дні Кастрычніка ён [Вандыш] узначальвае чырвонагвардзейскі атрад, штурмуе Зімні палац. «Полымя».

чырво́нец, ‑нца, м.

1. Руская назва замежных залатых манет у дапятроўскай Русі.

2. Руская залатая манета вартасцю ў тры рублі, якая была пашырана ў Расіі ў 18–19 стст. // Уст. Руская залатая манета вартасцю ў пяць і дзесяць рублёў, якая была ва ўжытку ў дарэвалюцыйнай Расіі.

3. Грашовы крэдытны білет вартасцю ў дзесяць рублёў, які быў ва ўжытку ў СССР з 1922 да 1947 г. // Дзесяць рублёў. Новыя — у руках шапацяць, як бярэш, — чатыры чырвонцы прыйшліся Адасю. Калюга.

4. звычайна мн. (чырво́нцы, ‑аў). Разм. Наогул манеты, золата, грошы. Песня мая не шукае чырвонцаў. Купала. А сёння стаіць вось у сонцы І вочы красою чаруе. Такую не ўзяць за чырвонцы, — Душу аддасі за такую. Буйло.

чырво́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае афарбоўку аднаго з асноўных колераў спектра, што ідзе перад аранжавым; колеру крыві. Шырокі чырвоны сцяг калыхаўся над закутым у браню паравозам. Лынькоў. На стале — чырвоныя памідоры, пакрытыя матавай пялёнкай вільгаці. Шахавец. // Пачырванелы ад прыліву крыві да скуры. Твар у салдата быў даўно няголены, барада была злямцавана, вочы чырвоныя з бессані. Чорны. У хворай жанчыны былі чырвоныя заплаканыя вочы. Шамякін. // у знач. наз. чырво́нае, ‑ага, н. Пра што‑н. колеру крыві. Чырвоным завешаны вуліцы, Вокны, балконы і плот. Чарот.

2. Звязаны з рэвалюцыйнай дзейнасцю, рэвалюцыйны; звязаны з савецкай дзяржавай, сацыялістычным ладам. Помніць вёска і першага «агіцірніка» Міцяя, што прыязджаў з чырвонага Піцера ад самога таварыша Леніна. Сачанка. — Байцом буду я чырвоным, — Пяты кажа гэтак, — Сцерагчы граніцы-межы Краіны Саветаў. Купала. / у знач. наз. чырво́ны, ‑ага, м. Заставалася яшчэ кіламетраў з шэсць, каб выйсці на Гудароў лог. За гэтым логам стаіць вёска Высокая Рудня, занятая чырвонымі. Колас.

3. Нар.-паэт. Новы, прыгожы, цудоўны. Чырвоная вясна павяла рашучы наступ. Белая зіма здае свае пазіцыі. Крапіва.

4. Нар.-паэт. Яркі, ясны, светлы. Чырвоная раніца хлынула ў хату яскравым сонцам. Гартны. Ішоў чырвоны ранак Па свеце, за акном. Куляшоў.

5. Уст. Пачэсны, парадны. У светлай зале За чырвоны стол.. Селі з намі поруч Сяляне з польскіх і румынскіх сёл. Аўрамчык.

6. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Чырвоны перац.

•••

Таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (Чырвоны Крыж) гл. таварыства.

Чырвонае віно — віно, прыгатаванае з цёмных сартоў вінаграду.

Чырвонае дрэва гл. дрэва.

Чырвоная Армія гл. армія.

Чырвоная гвардыя гл. гвардыя.

Чырвоная дошка гл. дошка.

Чырвоная ікра гл. ікра.

Чырвоная кніга — кніга Міжнароднага саюза аховы прыроды і прыродных рэсурсаў, якая змяшчае ў сабе кароткія звесткі аб распаўсюджанні, колькасці, біялогіі і мерах аховы рэдкіх відаў жывёлы і раслін усяго свету. Чырвоная кніга СССР.

Чырвоная медзь — чыстая медзь (без прымесі іншых металаў).

Чырвоная рыба — рыба сямейства асятровых (бялуга, асетр, сяўруга і пад.).

Чырвоная субота — тое, што і камуністычны суботнік (гл. суботнік).

Чырвоны абоз гл. абоз.

Чырвоны гальштук — тое, што і піянерскі гальштук (гл. гальштук).

Чырвоны жалязняк гл. жалязняк ​1.

Чырвоны куток гл. куток.

Чырвоны лес гл. лес.

Чырвоны напал — такая ступень нагрэву, пры якой металы пачынаюць свяціцца чырвоным святлом.

Чырвоны радок — першы радок абзаца.

Чырвоны флот гл. флот.

Праходзіць чырвонай ніткай (ніццю) гл. праходзіць.

Пусціць чырвонага пеўня гл. пусціць.

чы́рвы, ‑аў; адз. чырва, ‑ы, ж.

Картачная масць з малюнкам у выглядзе чырвоных сэрцаў.

чырк, выкл.

1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння кароткага гуку, які ўтвараецца пры трэнні.

2. у знач. вык. Разм. Ужываецца паводле дзеясл. чыркаць (у 1, 2 знач.) — чыркануць. Валько зазлаваў, набычыўся, свідруе вачыма кожнага і штось у блакноцік сабе — чырк ды чырк. Савіцкі.