чырвоны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае афарбоўку аднаго з асноўных колераў спектра, што ідзе перад аранжавым; колеру крыві. Шырокі чырвоны сцяг калыхаўся над закутым у браню паравозам. Лынькоў. На стале — чырвоныя памідоры, пакрытыя матавай пялёнкай вільгаці. Шахавец. // Пачырванелы ад прыліву крыві да скуры. Твар у салдата быў даўно няголены, барада была злямцавана, вочы чырвоныя з бессані. Чорны. У хворай жанчыны былі чырвоныя заплаканыя вочы. Шамякін. // у знач. наз. чырвонае, ‑ага, н. Пра што‑н. колеру крыві. Чырвоным завешаны вуліцы, Вокны, балконы і плот. Чарот.

2. Звязаны з рэвалюцыйнай дзейнасцю, рэвалюцыйны; звязаны з савецкай дзяржавай, сацыялістычным ладам. Помніць вёска і першага «агіцірніка» Міцяя, што прыязджаў з чырвонага Піцера ад самога таварыша Леніна. Сачанка. — Байцом буду я чырвоным, — Пяты кажа гэтак, — Сцерагчы граніцы-межы Краіны Саветаў. Купала. / у знач. наз. чырвоны, ‑ага, м. Заставалася яшчэ кіламетраў з шэсць, каб выйсці на Гудароў лог. За гэтым логам стаіць вёска Высокая Рудня, занятая чырвонымі. Колас.

3. Нар.-паэт. Новы, прыгожы, цудоўны. Чырвоная вясна павяла рашучы наступ. Белая зіма здае свае пазіцыі. Крапіва.

4. Нар.-паэт. Яркі, ясны, светлы. Чырвоная раніца хлынула ў хату яскравым сонцам. Гартны. Ішоў чырвоны ранак Па свеце, за акном. Куляшоў.

5. Уст. Пачэсны, парадны. У светлай зале За чырвоны стол.. Селі з намі поруч Сяляне з польскіх і румынскіх сёл. Аўрамчык.

6. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Чырвоны перац.

•••

Таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (Чырвоны Крыж) гл. таварыства.

Чырвонае віно — віно, прыгатаванае з цёмных сартоў вінаграду.

Чырвонае дрэва гл. дрэва.

Чырвоная Армія гл. армія.

Чырвоная гвардыя гл. гвардыя.

Чырвоная дошка гл. дошка.

Чырвоная ікра гл. ікра.

Чырвоная кніга — кніга Міжнароднага саюза аховы прыроды і прыродных рэсурсаў, якая змяшчае ў сабе кароткія звесткі аб распаўсюджанні, колькасці, біялогіі і мерах аховы рэдкіх відаў жывёлы і раслін усяго свету. Чырвоная кніга СССР.

Чырвоная медзь — чыстая медзь (без прымесі іншых металаў).

Чырвоная рыба — рыба сямейства асятровых (бялуга, асетр, сяўруга і пад.).

Чырвоная субота — тое, што і камуністычны суботнік (гл. суботнік).

Чырвоны абоз гл. абоз.

Чырвоны гальштук — тое, што і піянерскі гальштук (гл. гальштук).

Чырвоны жалязняк гл. жалязняк 1.

Чырвоны куток гл. куток.

Чырвоны лес гл. лес.

Чырвоны напал — такая ступень нагрэву, пры якой металы пачынаюць свяціцца чырвоным святлом.

Чырвоны радок — першы радок абзаца.

Чырвоны флот гл. флот.

Праходзіць чырвонай ніткай (ніццю) гл. праходзіць.

Пусціць чырвонага пеўня гл. пусціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)