Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

улады́чыца, ‑ы, ж.

1. Жан. да уладыка (у 2 знач.).

2. Эпітэт багародзіцы ў рэлігійных творах.

улажы́цца, улажуся, уложышся, уложыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Умясціцца ў што‑н. Усе рэчы ўлажыліся ў чамадан.

2. перан. Зрабіць, выканаць што‑н. за пэўны тэрмін, не выйсці за межы чаго‑н. вызвачанага. Улажыцца ў рэгламент.

улажы́ць, улажу, уложыш, уложыць; зак., каго-што.

1. Палажыць, змясціць унутр чаго‑н.; укласці. Улажыць кнігу ў партфель. □ Напісаўшы пісьмо, Ганка ўлажыла яго ў канверт і, падумаўшы крыху, падпісала: «Леніну, Ільічу». Бяганская. [Дзядзька] згарнуў паперку яшчэ на чатыры часткі, улажыў яе ў кашалёк. Брыль. // Зрасходаваць на пабудову, пакрыццё і пад. Дарогі будаваць трэба, сапраўды яны ў нас дрэнныя.. Што толькі бедныя шафёры не робяць. Хутка ўвесь лясок, што раскінуўся каля раённага цэнтра, уложаць у дарогу. Сергіевіч.

2. перан. Патраціць, расходаваць на што‑н. Казалі, што Ева расчала рубіць вясной вялікі дом, восем на дзесяць, каб улажыць усе тыя лішнія грошы, якія яна атрымала сёлета за лён. Ермаловіч. // Аддаць, прысвяціць каму‑, чаму‑н. Колькі любві мы і працы Улажылі ў суровую глебу! Танк.

3. Надаць каму‑н. ляжачае становішча, памагчы легчы. Дзеда ўлажылі ў пасцель, паставілі на тумбачку бутэлечкі з лекамі, шклянку з вадой. Хомчанка. Выправіўшы з пакоя Пракопа, [Арына] раздзела Лёдзю, улажыла ў ложак, мокрым ручніком выцерла ёй рукі, твар, шыю. Карпаў. // Прымусіць легчы спаць. Толькі позняя ноч улажыла ўсіх спаць. Чарот. // Прымусіць хворага знаходзіцца ў пасцелі. Бабка.. Кажа: «Грып, няйначай, нейкі конскі, Аж паўвёскі ў ложкі ўлажыў». Чэрня.

4. Разм. Забіць. Раптам зводдаля, адтуль, куды напрасцяк імчаўся бяляк, пачуўся стрэл, і Мікола ўбачыў, як далёка нехта з яго сяброў усё-такі ўлажыў небараку... Краўчанка. [Дзяжа:] Цішэй! Стрымайце выбух гневу, Пасмейце пікнуць — улажу. Колас.

5. Зрабіць укладку (пра валасы).

улажэ́нне, ‑я, н.

1. Дадатковая рэч (звычайна каштоўная), уложаная ўнутр чаго‑н. Бандэроль без недазволеных улажэнняў. Пакет з улажэннем.

2. Уст. Звод, збор законаў, пастаноў. Улажэнне аб пакараннях. Саборнае ўлажэнне 1649 года.

ула́зіны, ‑зін; адз. няма.

Разм. Уходзіны, наваселле. Новая хата заўсёды радасць. А ўлазіны — свята. Б. Стральцоў.

ула́зіць, улажу, улазіш, улазіць.

Незак. да улезці.

улама́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уламаць.

улама́цца, уломіцца; пр. уламаўся, ‑малася; зак.

Разм. Праламацца пад уздзеяннем цяжару. [Мацвей:] Шула ў пограбе пастаўлю, а то столь гатова ўламацца. Чорны.

улама́ць, уламлю, уломіш, уломіць; пр. уламаў, ‑мала; заг. уламі; зак.

Разм.

1. што. Праламаць; зрабіць пралом. Не бегай па страсе, а то ўломіш.

2. што. Ломячы, аддзяліць частку ад чаго‑н.; адламаць. Уламаць хлеба. // Выгадаць, прыдбаць што‑н. (звычайна хітрыкамі). [Бялькевіч:] — Але ў той жа час і трывога ў мяне: што там старой гэтай спатрэбілася? Гэта ж .. нешта хоча ўламаць!.. Савіцкі.

3. перан.; каго. Пераканаць, з цяжкасцю ўгаварыць згадзіцца з чым‑н. «Ну няўжо я яго [Алеся] не ўламлю», — цвёрда падумала Адэля. Броўка. [Ляснічы:] — Праўду кажучы, мы са старшынёй калгаса добра-такі ўспацелі, пакуль уламалі Бандарэнку: не хацеў дапускаць Васіля да руля. Даніленка.

ула́н, ‑а, м.

У арміі царскай Расіі і некаторых замежных арміях — салдат або афіцэр лёгкай кавалерыі. Паток войск плыве і плыве па галоўнай вуліцы.. Пяхотныя часці, сапёрныя, артылерысты, уланы... Пестрак.

[Польск. ułan з тур.]