Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сцяле́жыцца, ‑жыцца; зак.

Зляцець з перадка (пра калёсы). [Ціток:] — Пугаўём па кані і ходу, абы калёсы не сцялежыліся на павароце. Лобан.

сцяле́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

Сарваць з перадка (калёсы). [Саўка] расказвае мне, што я ўпаў на дарогу і людзі накрычалі на дзеда, у злосці сцялежылі воз, паскідалі з яго ў раўчак усе дзедавы мяшкі, а ўсіх нас, дзяцей, хто прыстаў, падбіўся ў дарозе, пасадзілі на воз. Сачанка.

сцялу́ха, ‑і, ДМ ‑лусе, ж.

Тое, што і лазаніца.

сця́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак.

Разм. Зразумець, разабрацца ў чым‑н.; здагадацца, скеміць; абдумаць, прыкінуць у галаве. Спачатку Міша нават не сцяміў, якая бяда напаткала яго. Пальчэўскі. Рэшткамі памутнелай свядомасці Сотнікаў сцяміў, што дапамогі не будзе, і нічога больш не прасіў. Быкаў.

сцямна́, прысл.

Вельмі рана, зацемна. У страшэнным смутку .. [Тоня] перабыў дзень, а назаўтра, яшчэ сцямна, паклікаў перакупшчыка, прадаў шмат што з гаспадаркі і паехаў за дваццаць вёрст у горад. Чорны.

сцямне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў цёмным, пацямнеў. Лоб высокі, нейкі сцямнелы, пукаты; шчокі праваліліся. Скрыган. Белыя краны строма вырысоўваліся на фоне яшчэ не зусім сцямнелага неба. Дуброўскі.

сцямне́цца, ‑неецца; безас. зак.

Разм. Тое, што і сцямнець (у 1 знач.). Хлопцы ўсё выгледзелі, разведалі і, як сцямнелася, гародамі — на дарогу. Быкаў.

сцямне́ць, ‑ее; зак.

1. безас. Пра надыход цемнаты, змроку, прыцемку. На дварэ ўжо сцямнела, і над сталом запалілі вялікую вісячую лямпу. Лобан. [Шафёр:] — Вечарам, калі зусім сцямнее, падыдзіце да крайняй хаты ад Слуцка і пастукайце тры разы ў акно. Шчарбатаў. Сцямнела. Зоры высыпаліся на небе, дробныя як мак. Чарнышэвіч.

2. Разм. Стаць цёмным ці больш цёмным. — Уявіце сабе, — [Габінаў] развёў рукамі і самотна ўсміхнуўся, і яго блакітныя вочы неяк раптоўна сцямнелі. Савіцкі.

сцяна́, ы́; мн. сце́ны (з ліч. 2, 3, 4 сцяны́), сцен; ж.

1. Вертыкальная частка будынка, якая служыць для падтрымкі перакрыццяў і для падзелу памяшкання на часткі. Каля цёмнай сцяны гумна Аня прыпынілася, прыслухалася. Мележ. За сцяной, у другім пакоі, пані Мар’я вядзе ў пятым класе арыфметыку. Брыль. Прынесла [Волька] тапчан — якраз ён стаў ад сцяны да сцяны. Скрыган. // звычайна мн. (сце́ны, сцен); чаго або якія. Пра які‑н. будынак, памяшканне, установу, дзе што‑н. адбываецца або хто‑н. знаходзіцца. У сценах семінарыі будучы пісьменнік [К. Чорны] захапляецца рускай класікай. Луфераў. За сцяною астрожнай Вязню дорагі, любы Жменька травы мурожнай, Лісцік з бярэзіны, з дуба. Маляўка.

2. Высокая агароджа з каменя, цэглы і пад. Крамлёўская сцяна. □ Іліко і Гіго сядзелі на моле, на каменнай сцяне, што ішла далёка ў мора, адлучала ад яго Паційскую бухту і заканчвалася маяком. Самуйлёнак. А вораг тут, ля гарадской сцяны, І чуцен звон ягоны: Звіняць страмёны, Мячы і дзіды звоняць. Сіпакоў. [Турма] абведзена сцяной мураванай, дротам калючым ублытана. Нікановіч. // толькі мн. (сце́ны, сцен); перан.; чаго або якія. Пра непасрэдную блізкасць, подступы да якога‑н. горада, крэпасці. Мы ў свой горад прыйшлі Ад Масквы і ад Сцен Сталінграда. Танк.

3. чаго або якая. Стромая бакавая паверхня чаго‑н. Жэнька ўпаў на калені, пацалаваў Івана Сумака .. Потым паклаў абодвух забітых пад сцяну акопа. Шамякін. Перасякаем чыгуначныя лініі і ідзём уздоўж прычальнай сцяны. В. Вольскі. Жоўты пясок .. ледзь не роўнай сцяной вісіць над вадой. Бядуля.

4. перан. Тое, што аддзяляе, раздзяляе каго‑, што‑н.; перашкода для чаго‑н. Герой проста губляецца перад сцяной судова-паліцэйскіх рагатак і кручкатворства. Навуменка. [Караневіч:] Душа твая імкнулася да цяпла і ласкі, а натыкалася на халодную сцяну. Крапіва. Угаворы, тлумачэнні нават самога Паўла Антонавіча.. — усё сустракала пакутлівую сцяну маўчання. Васілевіч.

5. перан.; чаго. Цесны рад або суцэльная маса чаго‑н., якія ўтвараюць заслону, перашкоду для чаго‑н. Сцяна лесу. □ Уперадзе, над бліскучай вадою, стаяла белая сцяна туману. Савіцкі. Белы птах .. імчаў па вадзе, пакідаючы за сабою шырокую сцяну пены. Самуйлёнак. За сцяною агню рухаўся ланцуг чырвонаармейцаў. Грахоўскі. // каго. Самкнуты строй людзей. Вакол ваяк стала жывая сцяна народу. Колас. Няспынна, Цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор. Глебка. Жанатыя мужчыны стаялі шчыльнай сцяной і цягнулі басамі. Грамовіч.

•••

Глухая сцяна — суцэльная сцяна без акон і дзвярэй.

Капітальная сцяна — асноўная сцяна, якая служыць апорай для страхі.

Біцца галавой аб сцяну гл. біцца.

Ілбом сцяны не праб’еш гл. прабіць.

(І) сцены вушы маюць — трэба гаварыць асцярожна, таму што могуць падслухаць.

Кітайская сцяна — пра поўную ізаляванасць ад знешніх уплываў (ад назвы старадаўняй сцяны, якая аддзяляла Кітай ад Манголіі).

Лезці на сцяну гл. лезці.

Між чатырох сцен (жыць, сядзець і пад.) — а) не маючы ні з кім зносін, у адзіноце; б) не выходзячы з дому.

Прыперці да сцяны гл. прыперці.

Свае сцены — пра свой дом. Мы перабраліся ў свае сцены, як толькі зляпілі печ. Палтаран.

Ставіць да сцяны гл. ставіць.

Стаць сцяною гл. стаць.

Сцяна да сцяны — у непасрэднай блізкасці, па суседству, паблізу (жыць, знаходзіцца і пад.).

Як за каменнай (мураванай) сцяной — пад надзейнай аховай, спакойна (жыць, быць, адчуваць сябе і пад.).

Як у (аб) сцяну (сценку) гарохам — не рэагуе, не звяртае ніякай увагі на што‑н. сказанае.

сцярвя́тнік, ‑а, м.

Драпежная птушка сямейства ястрабіных. // перан. Лаянк. Пра самалёт, лётчыка, які робіць разбойніцкі налёт на мірную краіну. У небе кружыўся і страчыў з кулямёта фашысцкі сцярвятнік. Ус.