Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ахво́тна, прысл.

З ахвотай, з прыемнасцю, з радасцю. [Настаўнік:] — Ведаеш што, Сцёпа, папрабуй ты на рабфак паступіць.. Табе я ахвотна памагу. Колас. Хлопцы былі гатовы да ад’езду — хто ахвотна, а хто і без ахвоты. Брыль.

ахво́тнік, ‑а, м.

1. Той, хто мае жаданне заняцца чым‑н., узяцца за якую‑н. справу. Чэмер рад быў бы з кожным пагаварыць,.. але, не знаходзячы ахвотніка, гаварыў сам з сабою. Вітка.

2. да каго‑, чаго‑н., на што і з інф. Той, хто мае цягу, прыхільнасць да каго‑, чаго‑н.; аматар чаго‑н. На вяселле да Жагулы з’ехаліся ўсе, каму быць належала. Народ усё шляхтаваты, на чужую пачостку сквапны, да банкетаў вялікі ахвотнік... Крапіва.

ахво́тніца, ‑ы, ж.

Жан. да ахвотнік.

ахво́тны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які мае ахвоту на што‑н., схільны да чаго‑н. Кукарэка, ахвоты да размовы, падрадзіўся ісці і паказаць дом старшыні. Грамовіч.

2. Руплівы, старанны. З аднаго боку, дзе задавала тон Волечка, крычалі: — ..[Марыля] не хацела ісці ў яслі! Яна лепш бы ахвотная была разам з усімі на полі. Чорны.

ахво́чы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які выказвае ахвоту, жаданне на што‑н., да чаго‑н. і пад. Малодшы Марцін да гаспадаркі не быў ахвочы. Карпюк. Каму з вас не цікава І хто з вас не ахвочы Прылегчы спаць на травы Пад зорны полаг ночы. Аўрамчык.

2. Руплівы, старанны. Валя Арэшка была чалавек пакладзісты, ахвочы. Скрыган.

ахвя́ра, ‑ы, ж.

1. Прадмет або жывая істота, прынесеныя ў дар бажаству паводле абрадаў некаторых рэлігій.

2. Добраахвотная ўступка, адмаўленне, адрачэнне на карысць каго‑, чаго‑н. Навука патрабуе ахвяр. Ахвяра пешкі. □ Галіна перайшла да сваёй цёткі, уступіўшы свой пакой Андрэю. Андрэй спачатку не згаджаўся прыняць такую ахвяру. Рамановіч.

3. Пра таго, хто пацярпеў або загінуў ад якога‑н. няшчасця, стыхійнага бедства, сацыяльнага зла, нядобрых людзей. Ахвяры вайны. Ахвяра аўтамабільнай катастрофы.

•••

Пасці ахвярай чаго гл. пасці.

Прынесці ў ахвяру што гл. прынесці.

ахвярава́льнік, ‑а, м.

Уст. Той, хто прыносіць што‑н. у дар каму‑, чаму‑н.

ахвярава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. ахвяраваць.

2. Уст. Тое, што і ахвярапрынашэнне (у 1 знач.). У гэты ж самы вечар, пры святле вогнішча, адбылося ахвяраванне. Маўр.

3. Дар, узнос на карысць якой‑н. асобы, установы (звычайна з мэтай дабрачыннасці). Прыватнае ахвяраванне.

ахвярава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ахвяраваць.

ахвярава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да ахвяраваць.