Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аграхі́мік, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне аграхіміі.

аграхімі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да аграхіміі. Аграхімічная лабараторыя.

аграхі́мія, ‑і, ж.

Навука пра жыўленне раслін, выкарыстанне ўгнаенняў і хімічных сродкаў абароны раслін з мэтай атрымання высокіх устойлівых ураджаяў.

агро́мністы, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі вялікі памерамі, аб’ёмам. Як нейкі востраў на агромністым блюдзе чаратовых балот, маляўніча выступаў старадаўні горад, важнейшы цэнтр неабсяжнага Палесся. Колас. Ад агромністых хвой засталіся толькі пашчапаныя пні. Лынькоў. Ні раённы гарадок, ні нават Бабруйск ніяк не маглі раўняцца з гэтым агромністым, такім неспакойным горадам. Мележ. // Вельмі вялікі па колькасці; шматлікі. А хто там ідзе, а хто там ідзе У агромністай такой грамадзе? — Беларусы. Купала. Агромністая армія.. застыла насцярожана, чакаючы жаданага слова каманды. Мележ.

2. Вельмі вялікі па сіле, глыбіні выяўлення. Як у маўклівых, скупых словах выказаць тое агромністае, багатае пачуццё, якое ў ім [Тураўцу] жыве? Мележ. У гэтым маналогу — ніводнага халоднага, абыякавага слова, усё дыхае агнём агромністага ўзрушэння. Бярозкін.

агрубе́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць агрубелага.

агрубе́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў шорсткім, цвёрдым, шурпатым (пра скуру, паверхню чаго‑н.). Агрубелая скура. □ Туга сцягнуты шнурок не паддаваўся агрубелым пальцам. Лынькоў. // Які стаў больш грубым, нізкім (пра голас). // перан. Які страціў вастрыню, сілу. Агрубелы слых. Агрубелы нюх.

2. Які стаў вонкава нязграбны, страціў мяккасць, тонкасць (пра аблічча, выгляд). Праз люстэрка мне добра відзён яго [Сцяпана Рыгоравіча] твар — са складкамі маршчын, крыху агрубелы, напэўна, ад марозу. Кірэйчык. // Які страціў душэўную далікатнасць, стаў менш чулым, чэрствым. Агрубелая натура. Агрубелы чалавек.

агрубе́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. агрубець.

агрубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць шорсткім, цвёрдым, шурпатым (пра скуру, паверхню чаго‑н.). Бачыць.. [Дуню] хацелася інакшай: не ў гэтым каляным брызенце — камбінезоне, не з рукамі, што, безумоўна, агрубеюць.., а заўсёды светлай, прыгожай. Хадкевіч. // Стаць больш грубым, нізкім (пра голас). // перан. Страціць вастрыню, сілу. Слых ад кананады агрубеў, Сонца задыхаецца ад дыму. Панчанка.

2. Стаць вонкава нязграбным, страціць мяккасць, тонкасць (пра аблічча, выгляд). // Страціць душэўную далікатнасць, стаць менш чулым, чэрствым. За гэту страшную пару незлічоных людскіх пакут Глечык ужо агрубеў нутром. Быкаў.

агрубі́ць, агрублю, агрубіш, агрубіць; зак., што.

Зрабіць грубейшым, пазбавіць тонкасці. Многія не паспелі Закончыць дзесяты клас. Сонца, сівер і слота Твары ім агрубілі. Бураўкін. // Спрасціць; падаць што‑н. у занадта абагуленым, прымітыўным выглядзе.

агрубле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. агрубляць — агрубіць.