Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

згара́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. згараць ​1 — згарэць.

•••

Рухавік унутранага згарання гл. рухавік.

згара́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да згарэць.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паддавацца хімічнаму распаду (пра арганічныя рэчывы).

згарба́цець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць гарбатым, згорбіцца. І ўспомніў маці, .. якая ніколі не разгінала спіны то на сваім, то на калгасным полі і ад таго пад старасць зусім згарбацела. Сачанка.

згарба́ціцца, ‑бачуся, ‑бацішся, ‑баціцца.

Разм. Згорбіцца, згарбець.

згарба́ціць, ‑бачу, ‑баціш, ‑баціць.

Зак. да гарбаціць.

згарба́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад згарбаціць.

згарбе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Зрабіцца гарбатым; згарбаціцца. Згарбеў чалавек. Даўно, як помняць яго ў вёсцы, дык гэткі; з чаго, як — забыліся. Ермаловіч.

згарну́цца, згарнуся, згорнешся, згорнецца; зак.

1. Скруціцца трубкай, спіраллю і пад. Дзіміна палажыла графік на стол, і ватман згарнуўся ў скрутак. Карпаў. // Скурчыцца, скруціцца. Грыбавец не пайшоў спаць у машыну, астаўся пры агні, Васіль Чаравака таксама згарнуўся пад дубам, накрыўшыся кажушком. Пестрак.

2. перан. Паменшыцца, зменшыцца, скараціцца (у колькасці, памерах, працягласці і пад.). Вытворчасць згарнулася. // Часова спыніць або скараціць сваю дзейнасць. Прадпрыемства згарнулася.

3. Спец. Згуснуць, згусціцца. Каб кроў, узятая ў донара, не згарнулася, у яе адразу дадаюцца пабочныя рэчывы для стабілізацыі. «Маладосць».

згарну́ць, згарну, згорнеш, згорне; зак., каго-што.

1. Скласці, скруціць што‑н., загінаючы краі. [Жанчына] згарнула хустку, у якую было загорнута дзіця, і, узяўшы яе, як бяруць дзяцей, хутка пайшла па дарозе назад. Шамякін. Сяброўкі згарнулі ватнік у скрутак і параілі аднесці яго ціхенька дамоў. Машара. // Загарнуць, закрыць. Згарнуць газету. □ Аліна згарнула кніжку. Кулакоўскі.

2. Разм. Зрабіць што‑н. скручваннем. [Якаў] выняў партабак, згарнуў папяросу і падаў партабак брату. Чарнышэвіч. Многія падаюць Стрыжаку капшукі з тытунём, але той паказвае, што сам згарнуць не можа — рукі звязаны. Вітка.

3. Зграбаючы, сабраць у адно месца. Згарнуць збожжа ў кучу. □ Адразу ж захліпнуўся і сціхнуў гармонік, гулякі згарнулі ў кучу сваё даміно, заціх гоман. Краўчанка.

4. перан. Паменшыць, скараціць (у колькасці, памерах, працягласці і пад.). Згарнуць будаўніцтва. // Часова скараціць або спыніць дзейнасць чаго‑н. Згарнуць прадпрыемства.

5. Склаўшы, надаць якое‑н. становішча (рукам). Ксавэр згарнуў рукі і стаў над Адамам. Чорны.

згару́сціць, ‑рушчу, ‑русціш, ‑русціць; зак., што.

Разм. Зрабіць што‑н. на скорую руку, абы-як (з-за недахопу сродкаў, умення). Згарусціць хату. // Набыць, прыдбаць што‑н. з вялікай цяжкасцю. Колькі ж год яшчэ трэба працаваць, каб зноў згарусціць беднаму чалавеку сто рублёў. Бядуля.