згарну́ць, згарну, згорнеш, згорне; зак., каго-што.
1. Скласці, скруціць што‑н., загінаючы краі. [Жанчына] згарнула хустку, у якую было загорнута дзіця, і, узяўшы яе, як бяруць дзяцей, хутка пайшла па дарозе назад. Шамякін. Сяброўкі згарнулі ватнік у скрутак і параілі аднесці яго ціхенька дамоў. Машара. // Загарнуць, закрыць. Згарнуць газету. □ Аліна згарнула кніжку. Кулакоўскі.
2. Разм. Зрабіць што‑н. скручваннем. [Якаў] выняў партабак, згарнуў папяросу і падаў партабак брату. Чарнышэвіч. Многія падаюць Стрыжаку капшукі з тытунём, але той паказвае, што сам згарнуць не можа — рукі звязаны. Вітка.
3. Зграбаючы, сабраць у адно месца. Згарнуць збожжа ў кучу. □ Адразу ж захліпнуўся і сціхнуў гармонік, гулякі згарнулі ў кучу сваё даміно, заціх гоман. Краўчанка.
4. перан. Паменшыць, скараціць (у колькасці, памерах, працягласці і пад.). Згарнуць будаўніцтва. // Часова скараціць або спыніць дзейнасць чаго‑н. Згарнуць прадпрыемства.
5. Склаўшы, надаць якое‑н. становішча (рукам). Ксавэр згарнуў рукі і стаў над Адамам. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)