Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

звярну́ць, звярну, звернеш, зверне; зак., каго-што і без дап.

1. без дап. Сысці або з’ехаць з дарогі, мяняючы напрамак руху. Валодзя пайшоў налева, Сяргей — прама, а Міша звярнуў направа. Курто. Каб не ісці вуліцай, дзе — яна ведала — яе будуць сустракаць і распытваць, Таццяна звярнула са шляху на сцежку і пайшла гародамі. Шамякін. // Змяніць напрамак (пра дарогу, сцежку і пад.). А грэбля крывая, Як той паясок, То зверне направа, То зверне набок. Бядуля. // Перайшоўшы якую‑н. мяжу, павярнуць на другую пару сутак (пра нябесныя свяцілы). На чыстым небе сонца даўно звярнула з паўдня. Алешка.

2. каго-што. Накіраваць у які‑н. бок ад дарогі (каня, машыну і пад.). Звярнуць машыну з дарогі. □ Звярнуў [мужык] каня ў лес, прывязаў да дрэва. Якімовіч. / у перан. ужыв. І ніхто цябе не зверне Са шляхоў прасторных. Купала.

3. Разм. Варочаючы, зрушыць з месца або скінуць што‑н. цяжкае. Звярнуць камень з дарогі. Звярнуць воз пяску. // Ударам, штуршком збіць набок, паваліць. Машына звярнула слуп.

4. перан. Перавесці гаворку, думкі і пад. на іншы прадмет, тэму. Сэрца з сэрцам гаварыла Цеплынёю шчырых слоў, Пачалі пра лён гаворку, А звярнулі на любоў. Русак. І ў вагоне ўжо зноў гутарку звярнулі на коласаўскіх Сцёпку і Алёнку. Васілевіч.

5. Разм. Пералажыць, зваліць (віну, правіннасць і пад.) на другога. Я расказаў Беразняку ўсё па парадку: як Усцім прывёз у млын субар, як яны з Леўкам укралі два мяхі і ўсё звярнулі на бацьку. Сабаленка.

6. Аддаць назад, вярнуць што‑н. узятае. Тут жа ляжыць і адозва акупацыйнай польскай улады да абшарнікаў, каб яны варочаліся і займалі свае «законныя» маёнткі і сядзібы, а сяляне каб звярнулі ім розны набытак, забраны імі ў часе рэвалюцыі і ўлады Саветаў. Колас.

7. Разм. Схіліць, павярнуць набок, убок. Звярнуць галаву набок. / у безас. ужыв. — Табе ж цяжка рукі завярнуць, каб табе.. яндоўку тваю на патыліцу звярнула. Крапіва.

8. Разм. Неакуратна скідаць, зваліць у адно месца многія прадметы. Звярнуць дровы ў кучу.

•••

Звярнуць горы — выканаць вялікую, цяжкую работу.

Звярнуць на сябе ўвагу — вызначыцца чым‑н., зацікавіць сабой.

Звярнуць увагу каго на каго-што — паказаць каму‑н. на каго‑, што‑н., прымусіць заўважыць.

Звярнуць увагу на каго-што — заўважыць каго‑, што‑н., зацікавіцца кім‑, чым‑н., улічыць што‑н.

звяро́к, ‑рка, м.

Памянш. да звер.

звярста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Зак. да вярстаць.

звярта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да звярнуцца (у 2, 3 знач.).

2. Зал. да звяртаць.

звярта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да звярнуць (у 6, 7 знач.).

звяру́га, ‑і, М ‑рузе, м.

Разм.

1. Вялікі страшны звер.

2. Тое, што і звер (у 2 знач.). — Я не магла пакінуць маю Святлану ў лапах гэтага звяругі. Шамякін.

звяры́на,

гл. зверына.

звяры́нец, ‑нца, м.

Спецыяльна абсталяванае памяшканне, прыстасаванае месца, дзе трымаюць дзікіх жывёл для паказу. І сам звярынец быў цікавы: Высокі, зложаны з бярвення, І такі моцны — на здзіўленне! Каб воўк да коз не мог дабрацца Ні праз той верх, ні падкапацца. Колас. Вясной у горад, дзе жылі нашы сябры, прывезлі ў звярынец з Маскоўскага заапарка двух маладых мядзведзяў і шэсць лебедзяў. Даніленка.

звяры́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да звера (у 1 знач.). Звярыныя сляды. Звярыны рык. □ А воўк, як бы насміхаецца з мяне, стаіць, пазірае, зачароўвае мяне сваім звярыным поглядам. Колас. // Такі, як у звера, уласцівы зверу. Твар яго быў жудасны: скрыўлены, зубы сціснутыя, у вачах — нейкія звярыныя іскры. Шамякін.

2. перан. Жорсткі, бязлітасны. Звярыная сутнасць фашызму. □ — Я добра ведаю, што да той пары, пакуль ты вырасцеш, не будзе на свеце звярынай улады багатых і ты шчасліва і спакойна пражывеш свой век. Самуйлёнак. // Надзвычай моцны. Звярыны страх.

звярэ́дзіцца, ‑радзіцца.

Зак. да вярэдзіцца.