Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прышліфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; зак., што.

Прыгнаць адну паверхню да другой шліфоўкай.

прышліфо́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да прышліфоўваць.

прышліфо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прышліфаваць.

пры́шлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыйшоў адкуль‑н., не тутэйшы, чужы. [Кравец] аддаў сваю хату нейкаму прышламу чалавеку. Чорны. Войскі прышлага племені Не змаглі, не зламалі Чалавечага крэменю, Чалавечае сталі. Лужанін. / у знач. наз. пры́шлы, ‑ага, м., пры́шлая, ‑ай, ж. Хлопцы спалохана пазіралі на прышлых, што натапырыліся чатырма вінтоўкамі. Асіпенка.

2. Які прыйдзе, наступіць; будучы. Ён супакойвае Марыну І хоча свой узняць настрой, Але за прышлую часіну Не-не, ды возьме непакой. Колас. // у знач. наз. пры́шлае, ‑ага, н. Прышласць, будучыня. Замкнуўшыся ў маленькай бакоўцы, адгароджаны ад свету, марыў .. [Багдановіч] пра прышлае краю. Клышка.

прышпі́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прышпіліць.

прышпілі́цца, ‑шпіліцца; зак.

1. Прымацавацца да чаго‑н. шпількай; прыкалоцца.

2. перан. Прыстаць, замацавацца за кім‑н. (пра мянушку, празванне і пад.). [Брыгадзір:] — Прышпілілася да нас гэтая назва [адстаючыя], і ніяк не пазбавімся ад яе. «Звязда».

прышпілі́ць, ‑шпілю, ‑шпіліш, ‑шпіліць; зак., што.

1. Прымацаваць шпількай; прыкалоць. Прышпіліць паперу кнопкамі. □ Галя хуценька, похапкам надзела сукенку, прышпіліла як папала косы і выйшла ў першы пакой. Сабаленка. Рыбаку каля самага сэрца Прышпіліў я значок з Ільічом. Панчанка.

2. перан. Разм. Дадаць, далучыць (звычайна без патрэбы, не да месца). Аўтар «прышпіліў» да персанажаў лірычныя матывы, але нідзе не развіў іх і не паставіў у дзейсную і вобразную залежнасць ад канфлікту і ідэі. «Полымя». // Даўшы, замацаваць за кім‑н. (мянушку, празванне і пад.). Можа з дому яе [мянушку Свярдзёлак] прывёз, з-пад Валожына, а можа тут ужо нашы хлопцы прышпілілі. Брыль.

прышпі́льванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прышпільваць — прышпіліць.

прышпі́львацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прышпіліцца.

2. Зал. да прышпільваць.

прышпі́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прышпіліць.