Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

звянча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Аб’яднаць шлюбам па царкоўнаму абраду; павянчаць. Злюбіліся ў сяле тым двое, Ды вось бяда — няма каму Звянчаць. Крапіва.

звяра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да зверыцца.

2. Зал. да звяраць.

звяра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зверыць.

звярга́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да звяргаць.

звярга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да звергнуць.

звяр’ё, ‑я, н., зб.

Звяры. — Колькі тут рознага звяр’я, якога нават і не ведаеш, — паціснуў плячамі Мірон. Маўр. Спрачацца з Яшам наконт звычак звяроў было марнай справай, — ён лічыўся ў школе самым лепшым знаўцам рознага звяр’я. Даніленка.

звяржэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. звяргаць — звергнуць.

звярзці́ і зве́рзці, звярзу, звярзеш, звярзе; звярзём, зверзяце; пр. звёрз, звярзла і зверзла, звярзло і зверзла.

Зак. да вярзці, верзці.

звярзці́ся і зве́рзціся, звярзецца; пр. звёрзся, звярзлася і зверзлася, звярзлося і зверзлася.

Зак. да вярзціся, верзціся.

звярну́цца, звярнуся, звернешся, звернецца; зак.

1. З’ездзіўшы, схадзіўшы куды‑н., вярнуцца назад. Вазакі звярнуліся за дзень па тры разы. □ — Віцька хутка звернецца, — расцягваючы словы, загаварыў вадалаз. — Ён на матацыкле, як на самім чорце. Чыгрынаў.

2. Накіраваць сваю дзейнасць на што‑н., узяцца за што‑н. Звярнуцца да вывучэння старажытных помнікаў. □ Узброены багатым папярэднім вопытам работы ў галіне сатыры, К. Крапіва звярнуўся да сатырычнай камедыі. «ЛіМ». // Накіраваць паўторна сваю ўвагу на каго‑, што‑н. Звернемся зноў да твораў Купалы і Багдановіча, у прыватнасці да вершаў «У піліпаўку» і «Ян і маці». Бярозкін. Прайшлі моўчкі. А потым Лясніцкі зноў звярнуўся да перарванай гутаркі. Шамякін.

3. Накіраваць свае словы, просьбу і пад. каму‑, чаму‑н., адрасавацца да каго‑н. з якімі‑н. словамі, просьбай і пад. — Хто мае яшчэ пытанні? — звярнулася Ліда да студэнтаў. Карпюк. [Букрэй] горача прывітаў партызан і асабліва дзеда Талаша з першым баявым хрышчэннем і звярнуўся да іх з заклікам не кідаць так удала пачатай справы змагання з гвалтаўнікамі-акупантамі. Колас.