звярну́цца, звярнуся, звернешся, звернецца; зак.

1. З’ездзіўшы, схадзіўшы куды‑н., вярнуцца назад. Вазакі звярнуліся за дзень па тры разы. □ — Віцька хутка звернецца, — расцягваючы словы, загаварыў вадалаз. — Ён на матацыкле, як на самім чорце. Чыгрынаў.

2. Накіраваць сваю дзейнасць на што‑н., узяцца за што‑н. Звярнуцца да вывучэння старажытных помнікаў. □ Узброены багатым папярэднім вопытам работы ў галіне сатыры, К. Крапіва звярнуўся да сатырычнай камедыі. «ЛіМ». // Накіраваць паўторна сваю ўвагу на каго‑, што‑н. Звернемся зноў да твораў Купалы і Багдановіча, у прыватнасці да вершаў «У піліпаўку» і «Ян і маці». Бярозкін. Прайшлі моўчкі. А потым Лясніцкі зноў звярнуўся да перарванай гутаркі. Шамякін.

3. Накіраваць свае словы, просьбу і пад. каму‑, чаму‑н., адрасавацца да каго‑н. з якімі‑н. словамі, просьбай і пад. — Хто мае яшчэ пытанні? — звярнулася Ліда да студэнтаў. Карпюк. [Букрэй] горача прывітаў партызан і асабліва дзеда Талаша з першым баявым хрышчэннем і звярнуўся да іх з заклікам не кідаць так удала пачатай справы змагання з гвалтаўнікамі-акупантамі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)