Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

звы́клы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўвайшоў у прывычку, стаў прывычкай. Не зводзячы вачэй з глядзельнага шкла, .. [машыніст] звыклым рухам левай рукі насунуў крыху рэгулятар. Васілёнак. — Гамарджо, браты! — сказаў Тарыел, дакранаючыся рукой да павязкі звыклым жэстам, якім ён раней знімаў капялюш. Самуйлёнак. // Прывычны, добра знаёмы. Барыс набіраў тэкст лістоўкі, быццам бы рабіў; самую звычайную, звыклую справу. Новікаў. У той жа дзень часць, у якую ўваходзіў: батальён Шутава, пагрузіла танкі на платформы і пакінула ціхі, звыклы гарадок. Мележ.

2. Які звыкся з чым‑н., набыў прывычку рабіць што‑н. Звыклы да падобных заяў сясцёр, Павел Антонавіч, не спяшаючыся, адвёў вочы ад .. кнігі, павольна падняў галаву і ўважліва праз акуляры паглядзеў на сястру. Васілевіч. Звыклыя да бясконцых дарог ногі, здаецца, не ведалі стомы. Новікаў.

звы́кнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; пр. звыкся, ‑лася; зак., з кім-чым і без дап.

Прывыкнуць да каго‑, чаго‑н., асвоіцца з кім‑, чым‑н. Паступова я звыкся з думкай, што пісьменніцкая праца будзе асноўнай у маім жыцці. Крапіва. Не лёгка будзе эвакуіраваць Марыю: яна звыклася з калектывам, і з ёй усе тут звыкліся, палюбілі яе. Кулакоўскі. Атрымалі добрую кватэру, звыкліся, прыжыліся. Гроднеў.

звы́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. звык, ‑ла; зак., з інф. і дадан. сказам.

Разм. Набыць прывычку рабіць што‑н. пэўным чынам; прывыкнуць. [Клямт] даўно звык моўчкі падпарадкоўвацца старшым. Мележ. [Паненкі] даўно звыклі, каб іх забаўлялі, жартавалі з імі. Колас.

звысо́ку, прысл.

1. Зверху, з вышыні. У гэты ранні час сонца яшчэ не відно было, толькі адны жаўранкі бачылі яго звысоку. Чорны. Бляск месяца бледны, што ззяе звысоку, І сонца, што дорыць жыццёвасць, цяпло... Усё гэта радніцца з жыццём чалавека. Гурло.

2. З пагардай, фанабэрыста. Сухавараў быў адзеты ў парадны мундзір з бліскучымі гузікамі і звысоку пазіраў на ўсіх тутэйшых кавалераў. Колас.

звычаёвы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да звычаю, звязаны са звычаямі. Звычаёвае права.

звы́чай, ‑ю, м.

1. Агульнапрыняты парадак, правіла, якое здаўна ўкаранілася ў быце народа або пэўнай грамадскай групы. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Сіпакоў. Ёй зусім не хацелася хаваць сваёй радасці, але такі ўжо быў звычай: маладой непрыгожа быць на вяселлі празмерна вясёлай... Васілевіч.

2. Прывычны спосаб дзеяння; прывычка. Дубравіна мела звычай неяк нібы нядбала пакідаць на сябе касынку ці шалік. Карпюк. — А я маю звычай пасля абеду шпацыраваць і сядзець не хачу, — і, заклаўшы рукі назад, пачала шпацыраваць па зале. Мядзёлка.

звыча́йна, прысл.

1. Прысл. да звычайны.

2. Большай часткай, пастаянна. [Сабака] не выспаўся або так штось заленаваўся, бо не кінуўся адразу да мяне, як рабіў гэта звычайна. Колас. Крук, на якім звычайна вісела дубальтоўка, быў пусты. Курто.

звыча́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць звычайнага. Дзіўна было: як усё ў адзін момант з’іначылася і страціла сваю ранейшую звычайнасць. Чорны. І словы былі такімі яснымі, такімі зразумелымі па сваёй прастаце і звычайнасці. Лынькоў.

звыча́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Заўсёды ўласцівы каму‑, чаму‑н.; які заўсёды бывае; пастаянны, прывычны. Дарога пашыбавала на горку, калёсы мякка пакаціліся па жоўценькім пясочку, і лес прыняў звычайны свой выгляд. Колас. Маці — высокая, хударлявая — ішла звычайным, шырокім крокам. Сіняўскі.

2. Які не вылучаецца сярод іншых, нічым не знамянальны. Быў звычайны будзённы дзень, калі Паходню прынеслі паведамленне ад Ваўчка. Хадкевіч. Звычайная вёска стаяла, а ў вёсцы — звычайная хата, якіх і на свеце нямала, і на Беларусі багата. Дубоўка. — Які ж ты лоўкі! — з захапленнем сказала.. [Паліна]. — Звычайны, — адказаў Антон. Кавалёў.

•••

Звычайная ступень параўнання гл. ступень.

звы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Павадка, прывычка. Нельга сказаць, каб не любіў.. [Макоўчык] пагаварыць з таварышамі, але меў звычку ў кожнай гаворцы шукаць нейкі сэнс, пагарджаў пустой балбатнёй. Мележ. Прыйшоўшы дадому,.. [Варвара] па звычцы спынілася ў дзвярах — выцерла ногі аб палавік. Васілевіч. У лесе егер Дзямід ведаў кожны кусцік, кожную птушку, кожнага звера з усімі яго звычкамі і норавамі. В. Вольскі.

2. Разм. Звычай, традыцыя. Нас ветрам прадзьмула дарога. І хоць не хацелі віна, Мы выпілі з нейкага рога, Па звычцы грузінскай — да дна. Калачынскі. У кожным краі свае звычкі. Недзе ж ядуць шампіньёны, а ў нас абыходзяць іх. Кандрусевіч.