звы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Павадка, прывычка. Нельга сказаць, каб не любіў.. [Макоўчык] пагаварыць з таварышамі, але меў звычку ў кожнай гаворцы шукаць нейкі сэнс, пагарджаў пустой балбатнёй. Мележ. Прыйшоўшы дадому,.. [Варвара] па звычцы спынілася ў дзвярах — выцерла ногі аб палавік. Васілевіч. У лесе егер Дзямід ведаў кожны кусцік, кожную птушку, кожнага звера з усімі яго звычкамі і норавамі. В. Вольскі.
2. Разм. Звычай, традыцыя. Нас ветрам прадзьмула дарога. І хоць не хацелі віна, Мы выпілі з нейкага рога, Па звычцы грузінскай — да дна. Калачынскі. У кожным краі свае звычкі. Недзе ж ядуць шампіньёны, а ў нас абыходзяць іх. Кандрусевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)