прыцьмі́ць, ‑цьмлю, ‑цьміш, ‑цьміць; зак., каго-што.
Засланіўшы сабой, зрабіць менш прыкметным, менш бачным. Воблакі прыцьмілі сонца. // перан. Засланіць, адсунуць на задні план. — Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць... Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа? Кроў на золаце гэтым людская блішчыць. Купала.
прыцэ́л, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыцэльваць — прыцэліць і прыцэльвацца — прыцэліцца.
2. ‑а. Прыстасаванне на агнястрэльнай зброі для прыцэльвання. Пад рукой ляжала новенькая снайперская вінтоўка з аптычным прыцэлам. Шамякін.
3. ‑у; перан. Разм. Тое, да чаго хто‑н. імкнецца; мэта. Не ведаю, які быў .. план [бацькі з сынам], але, мусіць, такога прыцэлу трымаліся: баржа баржай, а яно нядрэнна будзе хутарок свой мець. Ракітны. Іншы раз яму здаецца, што ў хлопцаў пэўны прыцэл, разлік, а разліку Веньямін не любіць. Навуменка.
•••
Браць (узяць) на прыцэл гл. браць.
прыцэ́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.
1. Падрыхтавацца да стральбы, навёўшы зброю на цэль. Чыжык прыцэліўся, але рукі дрыжалі і ўвесь час неспакойна скакала мушка. Лупсякоў. Рагозін ускочыў у акоп, схапіў вінтоўку, прыцэліўся і стрэліў. Гурскі. // Накіраваць што‑н. на каго‑, што‑н. Аніся ўжо выліла ўсю ваду з лейкі, а Шаевіч ніяк не мог прыцэліцца і сфатаграфаваць яе. Сабаленка.
2. перан. Разм. Намерыцца зрабіць што‑н.; абраць аб’ект дзеяння, уздзеяння. [Цярэшка:] — Скажам, табе захочацца ўхапіць лепшую валоку панскай зямлі, і я на яе прыцэліўся, от і счэпімся загрудкі — каламі не разбароніш. Грахоўскі.
прыцэ́льванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыцэльваць — прыцэліць і прыцэльвацца — прыцэліцца.
прыцэ́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да прыцэліцца.
прыцэ́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць прыцэльнага (у 2 знач.). Прыцэльнасць агню.
прыцэ́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да прыцэла (у 2 знач.), прызначаецца для прыцэльвання. Прыцэльная рамка. Прыцэльнае прыстасаванне.
2. Які робіцца, вядзецца з прыцэльваннем. Прыцэльная стральба. □ Па ўспышках варожых стрэлаў Людвік вызначыў месца кулямётнага гнязда і адкрыў прыцэльны агонь. Кулакоўскі.
прыцэ́ньвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да прыцаніцца.
прыцяга́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць прыцягальнага.
прыцяга́льны, ‑ая, ‑ае.
Які прыцягвае, вабіць да сябе. Адзінства да брацкіх краін мае прыцягальную сілу і забяспечвае поспех у барацьбе за рэвалюцыю праграмы міру. «Звязда». [Князь] быў самай прыцягальнай і прывабнай істотай, якую .. [гасударыні] даводзілася сустракаць у жыцці. Караткевіч. Расла прыцягальная сіла першай у свеце Краіны Саветаў. Ліс.