Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыці́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. прыціраць — прыцерці (у 3 знач.).

пры́ціск, ‑у, м.

1. Выдзяленне слова (слоў) сілай голасу. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых? — ціха, з прыціскам і крыху нараспеў прыгаворвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас. — Брыдка, дзядзька Адась, — казала Волька Лысаковічаўна. — А яшчэ — калгаснік... — з прыціскам выгаварыла яна гэта апошняе слова. Калюга.

2. Патаўшчэнне штрыха, лініі пры пісьме пяром. Пісаць з прыціскам.

прыці́ск, ‑у, м.

Дзеянне паводле дзеясл. прыціскаць — прыціснуць (у 1, 3 знач.).

прыціска́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыціскаць — прыціснуць.

прыціска́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыціснуцца.

2. Зал. да прыціскаць.

прыціска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыціснуць.

прыціска́ч, ‑а, м.

Спец. Прыстасаванне для прыціскання чаго‑н.

прыці́склівы, ‑ая, ‑ае.

Абл. Які пазбягае выдаткаў; скупы. — Хіба мала ўсялякай брыды цягаецца яшчэ па лесе апрача сваіх, — заўважыў мнагазначна Кастусь Верамейчык, чалавек прыцісклівы, спрытны і на словы асцярожны. Крапіва.

прыціскны́, ‑ая, ‑ое.

Спец. Які служыць для прыціскання, з’яўляецца прыціскачом. Прыціскная лапка. Прыціскная гайка.

прыці́снуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыціснуць (у 1–3 знач.).

прыці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Шчыльна наблізіцца, прытуліцца да каго‑, чаго‑н. [Цімошка] залез на печ, скурчыўся, прыціснуўся спінай да гарачага коміна і накрыўся кажушком. Хомчанка. Абодва хлопцы прыціснулася да дна [лодкі] і не толькі хістацца, але і дыхаць перасталі. Маўр. [Параска] ўзяла разбэрсала .. [Андрушку] валасы, потым абхапіла за шыю, прыціснулася. Лобан.

2. Размясціцца на вельмі блізкай адлегласці ад чаго‑н.; наблізіцца да чаго‑н. Натоўп замоўк, прыціснуўся да ганка. Скрыган.