прыце́нены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыцяніць.
прыцерушы́ць, ‑церушу, ‑цярушыш, ‑цярушыць; зак., што.
Злёгку прыкрыць, прыпарушыць чым‑н. Месяц яшчэ не ўзышоў. І каб не лёгкі сняжок, які з вечара прыцерушыў зямлю, было б цёмна. Гаўрылкін. З недакуркаў, што валяліся ўзбоч шашы, я навылушчваў добрых дзве жмені тытуню — ..прысыпаць, прыцерушыць за сабой сляды, збіць у сабак нюх... Сачанка.
прыце́рці, прытру, прытрэш, прытрэ; прытром, прытраце; пр. прыцёр, ‑церла; заг. прытры; зак.
1. што і чаго. Трохі пацерці, сцерці ў невялікай колькасці. Прыцерці маку. // Выцерці, зацерці няпоўнасцю, не да канца. Прыцерці лужыну на падлозе. Прыцерці сляды.
2. каго-што. Разм. Прыціснуць, прысунуць, прыперці каго‑, што‑н. да чаго‑н. Натоўп прыцёр хлопца да самага плота. / у безас. ужыв. Максім сеў на мастку, памацаў шыю, якую яму прыцерла.. бартом да бэлькі. Брыль.
3. што. Спецыяльнай апрацоўкай шчыльна падагнаць да чаго‑н. Прыцерці шкляны корак да бутэлькі. Прыцерці клапаны. // перан.; каго-што. Прыстасаваць, падладзіць да чаго‑н. Я неаднойчы думала пра свякруху: «Усіх яна ўмее выхоўваць, нават мяне так хутка «прыцерла» да свайго густу і ладу». Шамякін.
прыце́рціся, прытруся, прытрэшся, прытрэцца; прытромся, прытрацеся; пр. прыцёрся, ‑церлася; заг. прытрыся; зак.
1. Трохі, няпоўнасцю сцерціся, зацерціся. У кожным разе рысунак быў старадаўні, гэта відно было з таго, што некаторыя рысы яго даволі-такі прыцерліся. Чорны.
2. Шчыльна падагнацца да чаго‑н. у выніку спецыяльнай апрацоўкі. Дэталі машыны добра прыцерліся. // перан. Прыстасавацца, прыладзіцца. Цяпер Назар прыцёрся ўжо каля зяця, і, здаецца, яму і на свеце больш нічога не трэба. Сабаленка. Трэба пароўну, па-чэснаму. Каб не атрымлівалася так, што хто скарэй прыцёрся к новаму старшыні, той і наверсе. Паўлаў.
прыцёрты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыцерці.
прыцікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.
Разм. Прысачыць, падпільнаваць каго‑, што‑н. [Раечка] намеціла аднаго афіцэра і, прыцікаваўшы, калі ён будзе стаяць адзін, падышла запытаць. Лобан. У той жа дзень увечары Круміньскі прыцікаваў хлапчука і сарваў свісток з яго шыі. Галавач.
прыціра́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыціраць — прыцерці.
прыціра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прыцерціся.
2. Зал. да прыціраць.
прыціра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыцерці.
прыці́рачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прыціркі, прызначаны для прыціркі. Прыцірачныя работы. Прыцірачны станок.