прыхо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыхаваць.
прыхра́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Разм. Злёгку, нямоцна храпці; пахрапваць. Дружна [саплі] хлопцы, прыхрапваў старшына. Быкаў.
прыху́тарскі, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца, размяшчаецца каля хутара. Увечары.. [Міхалкаў] сум павялічвала цішыня з прыхутарскага лесу і яснасць зор на высокім небе. Чорны.
прыцані́цца, ‑цанюся, ‑цэнішся, ‑цэніцца; зак.
Разм. Збіраючыся купіць што‑н., спытаць пра цану; прытаргавацца. Напарнік, ці кампаньён.., [Платона] вярнуўся дадому з добрай навіною: ён нагледзеў адзін паравік, прыцаніўся да яго і ўжо даў задатак. Ракітны. [Чарнушкі] былі самі такія ж, як людзі, што снавалі перад імі, — някідкія, разважлівыя палешукі, ледзь не кожны з якіх сто разоў прыцэніцца, перш чым купіць. Мележ.
пры́цемак, ‑мку, м.
Паўзмрок, паўцемра адразу пасля захаду сонца або перад усходам сонца. У ранішнім прыцемку .. [дарога] нагадвала рэчышча, а купкі чорных дрэў здаваліся падобнымі на скалы. Мележ. Улетку на вёсцы спаць кладуцца з прыцемкам. Сачанка. // Паўзмрок, паўцемра ў дрэнна асветленым памяшканні, месцы. — Не спяшайся запальваць агню. Пасядзім лепш у прыцемку. Нашто ж, каб вокны свяціліся. Машара. А ў прыцемку варот, густой імглой прыкрыты, Як здань мінулага, стаіць стары гандляр. Панчанка. Гадзіннік здаўся.. [Валі] прыгажэйшым, як у магазіне, бо там прыцемак кідаў цень на яго беленькі цыферблат. Пестрак.
•••
На прыцемку — адразу пасля захаду сонца або перад усходам сонца. Толькі на прыцемку.. [Насця] пачне гатаваць страву. Жычка. У панядзелак Янка ўстаў на прыцемку. Дамашэвіч.
пры́цемкам, прысл.
У час прыцемку, на змярканні або на світанні. [Разведчыкі] павінны былі хутка вярнуцца, бо выехалі ранкам, яшчэ прыцемкам. Пестрак. Уставаў [Адам Блецька] заўсёды прыцемкам. Чорны. Пад канец работы, прыцемкам, да камсамольцаў прыбег Данілаў Кастусёк і перадаў Міхасю запіску. Сіняўскі.
пры́цемкамі, прысл.
Тое, што і прыцемкам. І вось прыцемкамі ўжо мы ўтрох увайшлі ў даўгаватае, цёмнае, як калідор, памяшканне. Сабаленка.
пры́цемкі, ‑аў і ‑мак; адз. няма.
1. Тое, што і прыцемак. За акном, у лёгкіх прыцемках, ляжала заснежаная зямля. Ракітны. Свякруха.. доўга ў прыцемках каля ложка шукае чаравікі, запальвае лямпу і, нарэшце, тупае ў сенцы. Мележ.
2. Пара сутак, калі стаіць паўзмрок, паўцемра. Злучэнне пратрымалася да прыцемак... М. Ткачоў. Яшчэ былі прыцемкі — дзень толькі-толькі пачынаўся. Лупсякоў.
пры́цемна, прысл.
1. На світанні або на змярканні, прыцемкам. Ты прыцемна будзеш у Шацку, Пранікнеш у змроку цішком... Бялевіч.
2. безас. у знач. вык. Цемнавата. Была такая часіна, калі і агонь паліць яшчэ рана, і не паліўшы яго — прыцемна. Баранавых. Хаця было прыцемна, але востры позірк Варыва прыкмеціў на руках у старасты валёнкі і коўдру, а на плячы — вінтоўку. М. Ткачоў.
прыце́мнены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыцямніць.