Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыўзня́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыўзняць.

2. у знач. прым. Злёгку падняты, узняты ўгару. Нос прыўзняты, губы прыпухлыя, над ілбом непакорліва звесіўся рыжы віхорчык. Гамолка. Чорны фрак утульна сядзеў на яго шырокіх прыўзнятых плячах. Галавач.

3. у знач. прым.; перан. Радасна-ўзбуджаны, ажыўлены. Ва ўсіх салдат быў прыўзняты настрой: нарэшце яны ў гэтай самай Германіі, вайне канец, цёплая вясна на дварэ. Карпюк. Ігнась зайшоў у хату, прыўзняты, як на крылах, і Марына заўважыла гэтую прыўзнятасць, гэтую яго радасць. Лупсякоў. // Высокі, урачысты. Тон ліста быў прыўзняты, урачысты. Гарэцкі. Вось чаму мы так лёгка адрозніваем свабодную, амаль гутарковую манеру апавядання Якуба Коласа ад крыху прыўзнятай, блізкай да кніжнай манеры З. Бядулі. Юрэвіч.

прыўзня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца; зак.

1. Трохі ўзняцца, перамясціцца ўгару. Матор напружана ўзвыў, вал пад’ёмніка закруціўся, кузаў прыўзняўся. Вышынскі. Шырокія бровы прыўзнялася, а вейкі ледзь прыкметна ўздрыгнулі. Васілёнак.

2. Трохі прыўстаць, падняцца. Угледзеўшы настаўніка на парозе канцылярыі, пісар прыўзняўся ў крэсле, працягнуў суседу руку, як добры знаёмы, як прыяцель. Колас. Георгій напружана прыўзняўся, абапіраючыся на мыліцы, твар яго пабялеў. Мележ.

3. перан. Стаць лепшым, радасна-ажыўленым. Настрой яшчэ больш прыўзняўся, калі вечарам мы сышліся ўсе разам. Ляўданскі.

прыўзня́ць, ‑німу, ‑німеш, ‑німе; зак., каго-што.

1. Не вельмі высока, трохі ўзняць, падняць. Васіль Васільевіч прыўзняў дошку ў падлозе, дастаў пакунак, абгорнуты паперай. П. Ткачоў. Жоўты, васковы твар Алёшы быў нерухомы. Анатоль Пятровіч адной рукой прыўзняў хлопца за плечы, а другой паднёс яму вады. Нядзведскі. Хлопцы прыўзнялі галовы з зямлі і пачалі пазіраць на танкі. Паслядовіч.

2. перан. Ажывіць, палепшыць. Выпітая, хоць і ў сціплай дозе, чарка прыўзняла настрой. Машара. Нялёгкая справа — прыўзняць жывую гутарку да высокага гучання паэмы. «Полымя».

•••

Прыўзняць заслону — зрабіць вядомым што‑н. тайнае, скрытае.

прыўне́сены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыўнесці.

прыўне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. прыўнёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; заг. прыўнясі; зак., што.

Кніжн. Унесці што‑н. дадатковае, пабочнае. Магутны народны песенны фальклор прасякае вершы Труса ў сінтэзе з тым новым, сучасным, якое прыўнясла ў жыццё савецкая рэчаіснасць дваццатых гадоў. Хведаровіч.

прыўно́сіцца, ‑сіцца; незак.

Зал. да прыўносіць.

прыўно́сіць, ‑ношу, ‑носіш, ‑носіць.

Незак. да прыўнесці.

прыўнясе́нне, ‑я, н.

Кніжн. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыўносіць — прыўнесці.

прыўстава́ць, ‑стаю, ‑стаеш, ‑стае; ‑стаём, ‑стаяце.

Незак. да прыўстаць.

прыўста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; зак.

Устаць на некаторы час і не на ўвесь рост. Юрась прыўстаў і сеў на ложку. Гарбук. Сёмка спачатку пачаў паўзці, а потым прыўстаў, падышоў да Петруся і прылёг. Брыль.