Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прытэ́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Прыйсці, прытупаць. Аднаго разу жонка Браніслава з кошыкам прытэпала да Марціна прасіць дапамогі. Карпюк. Неўзабаве на кухні сабралася ўся сям’я. Нават маленькая Люся прытэпала. Шыловіч.

прытэра́сны, ‑ая, ‑ае.

Размешчаны каля горнай тэрасы. У поймах рэк, у іх прытэраснай забалочанай частцы, растуць натуральныя лясы з чорнай алешыны. Гавеман.

прыўда́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Надта ўдалы, надзвычай добры; цудоўны. Па-над парканам пышным валам Стаяў вішняк густы, прыўдалы. Колас. Ну, а цяпер справа вырашана, кар’ер адчынім прыўдалы, хопіць баласту на ўсе адгаліненні з гакам! Шынклер.

прыўда́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

Разм.

1. Пачаць рабіць што‑н. вельмі энергічна, інтэнсіўна. Стопчам [лапаць] — дык атопкам Пыл уздымем хмарай, На ўсю вёску ёмка Свіснем ды прыўдарым! Танк. // Стаць мацнейшым (пра дождж, мароз і пад.). За ноч намяло гурбы снегу. Прыўдарыла, сілу сваю разамкнула сіверная зіма. Баранавых. А дождж, як на тое ліха, прыўдарыў мацней. Хомчанка.

2. за кім. Пачаць заляцацца (да жанчыны). — У такую, як Наталля Максімаўна, нельга не закахацца. Прызнаюся.., што, каб ты не апярздзіў мяне, прыўдарыў бы я за ёю... Дудо.

прыўздыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыўзняцца.

2. Зал. да прыўздымаць.

прыўздыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыўзняць.

прыўзніма́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыўзнімаць — прыўзняць.

прыўзніма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыўзняцца.

2. Зал. да прыўзнімаць.

прыўзніма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыўзняць.

прыўзня́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прыўзнятага; прыўзняты настрой, уздым. Ад усёй яго постаці павявала крыху ўрачыстасцю і святочнай прыўзнятасцю. Лынькоў. Уся прыўзнятасць Турсевіча раптам апала. Колас.