прытуля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.
Незак. да прытуліцца.
прытуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да прытуліць.
прытума́нены, ‑ая, ‑ае.
Злёгку зацягнуты смугой, туманам. Сіняя града з чорнай істужкай лесу ўздымалася за лагчынай у далёкай, прытуманенай смугою далечы. Мележ. // перан. Цьмяны, замарочаны, няясны ад чаго‑н. У вачах дзяўчыны свяціліся прытуманеныя трывогай іскаркі радасці. Кулакоўскі. [Сотнікаў] прытуманеным позіркам упёрся ў спіны пярэдніх, чакаючы, што неўзабаве зноў рушаць наперад. Быкаў.
прыту́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Прыйсці пяшком, звычайна з цяжкасцю або марудна. [Песенька] мог прытупаць «незнарок» у барак ці ў дом на наваселле — там заўсёды і адказчык ён, і дарадчык лепшы, і закон. Русецкі. Стары Лявон прытупаў, выцер вочы, Нібыта лепш стараўся разглядзець, Сказаў няголасна: «Я знаў, сыночак, Што будзеш чалавекам — маладзец». Чэрня. Марознай лістападаўскай раніцай прытупаў Амелька ў родную вёску. Жычка.
прыту́пванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. прытупваць (у 2 знач.).
прыту́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да прытупнуць.
2. Стукаць, біць нагой (нагамі) аб падлогу, зямлю ў такт чаму‑н. Ілья прытупваў у такт, дырыжыраваў аркестрам і сам выцінаў на жалейцы. Дуброўскі. Спяваў Карусь і ў такт песні прытупваў нагой. С. Александровіч. // Суправаджаць якое‑н. дзеянне тупаннем; тупаць час ад часу. Хлопец.. пабег, знарок па-заечы падкідваючы нагамі і прытупваючы. Мележ. Коннікі прытупвалі на марозе. Лынькоў.
прытупе́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які прытупеў, крыху затупіўся. Прытупелая брытва.
2. перан. Які страціў адчувальнасць, стаў менш успрыімлівым. Каля самай капліцы да прытупелых ужо, але ўсё ж музыканцкіх вушэй Багдана даняслося быццам бы нейкае гудзенне. Кулакоўскі.
прытупе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Тое, што і прытупіцца. Іду, мая мара, Паслушны табе — Я ў буднях жыцця сапраўды прытупеў. Чарнушэвіч. Яшчэ.. не прытупела дзявочае гора. Сачанка.
прытупі́цца, ‑ту́піцца; зак.
1. Стаць тупейшым, крыху затупіцца. Нож прытупіўся. Канькі прытупіліся. □ Ужо каса мая Прытупілася: Не бярэ сіўцу, Замарылася. Купала.
2. перан. Страціць адчувальнасць, стаць менш успрыімлівым да чаго‑н. Боль прытупіўся. Увага прытупілася. □ Здаецца, ранейшае прыкрае пачуццё неяк прайшло ўжо. А калі і не прайшло, дык прытупілася. Чыгрынаў. Максіму здавалася, што жаданне есці прытупілася. Машара.
прытупі́ць, ‑туплю, ‑тупіш, ‑туліць; зак., што.
1. Зрабіць тупейшым, трохі затупіць. Прытупіць разец. Прытупіць брытву. □ Ты бачыў іх, хто аб чужыя танкі Паспеў штыкі знянацку прытупіць. Гаўрусёў.
2. перан. Зрабіць менш адчувальным, менш успрыімлівым да чаго‑н. Прытупіць пільнасць. □ Незнаёмыя месцы, цікавая работа прытупілі адчуванне страты. Шыцік. — Калектыўнае гаспадаранне ў арцелі прытупіць пачуццё індывідуалізму. Галавач.