Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыто́чка 1, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыточваць ​1 — прытачыць ​1.

прыто́чка 2, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыточваць ​2 — прытачыць ​2.

2. Тое, чым прыточана, прыстаўлена што‑н.

прыто́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прытока, прытоку; прытокавы. Прыточнае паветра. Прыточная вада.

прытру́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Трушком прыбегчы, прыехаць. Не паспеў я працерці вочы, як на двор прытрухала цётка Зенька. Мыслівец.

прытры́зніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

Здацца, паказацца ва ўяўленні, у сне. Перш прытрызнілася мора, а разам з ім і апошнія хвіліны на кацеры, што ішоў на дно. «Беларусь». / у безас. ужыв. Не, мне не прытрызнілася: я чуў, як за дзвярамі твой голас настойліва паўтараў слова «пусціце!» Скрыган.

прытры́зніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

Уявіць, убачыць у сне. Прытрызніўшы, што я далёка, Ты месца не знаходзіла. Хадыка.

прытрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Злёгку ўтрымацца, затрымацца за што‑н. Прытрымацца за парэнчы.

прытрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Злёгку падтрымліваючы, не даць рухацца, упасці і пад. Леанід прытрымаў хворую руку, узлез на сена і пачаў вобмацкам выбіраць, дзе зручней прымасціцца. Пташнікаў. — Прытрымай [бервяно], я змянюся, — сказаў Рыгор і выняў кол, каб залажыць яго трошкі вышэй за наступны кавалак. Крапіва. // Затрымаць, прыпыніць (рух каго‑, чаго‑н.). Марцін прытрымаў каня, пакуль Насця.. садзілася на сена. Мележ. Параўняўшыся з агароджай школы, .. [жанчына] прытрымала крок, пайшла павальней. Колас. // Затрымаць на некаторы час, патрымаць некаторы час дзе‑н., для якой‑н. мэты. Нейкі незнаёмы вахцёр прытрымаў мой пропуск. Савіцкі. Білі не дробязь — не сподачкі .., а возьме каторы вялізную вазу.., падыме над галавой, прытрымае, смакуючы небяспеку, і гвазне. Брыль. // Затрымаць наступленне, выкананне чаго‑н. Дажджы прытрымалі сяўбу.

2. Патрымаць да некаторага часу; прыберагчы. Прытрымаць сена к вясне. Прытрымаць тавар.

•••

Прытрымаць язык — не выказацца.

прытры́мліванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прытрымліваць — прытрымаць.

прытры́млівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прытрымацца.

2. чаго. Імкнуцца быць, знаходзіцца бліжэй да чаго‑н. Прытрымлівацца правага боку дарогі. □ [Драчам] даводзіцца быць асабліва асцярожнымі і прытрымлівацца цёмных купін або знаходзіцца ў цяні траў. Самусенка.

3. чаго. Кіравацца чым‑н., выконваць што‑н., дзейнічаць згодна з чым‑н. Прытрымлівацца чаргі. Прытрымлівацца традыцый. □ Цімох і цяпер прытрымліваецца старых спосабаў помсты і змагання. Колас. — А я, ведаеце, прытрымліваюся мудрага правіла: каб быў парадак у рабоце, трэба перш за ўсё навесці яго ва ўласным доме. Шамякін. // Быць згодным з чым‑н. (думкай, поглядам і пад.). Большасць з .. [вучоных] прытрымлівалася думкі, што ракета з’явілася ахвярай сутыкнення з метэарытам. Гамолка. [Мірон] прытрымліваўся погляду, што чалавек усё можа зрабіць, калі толькі захоча. Гурскі.

4. Зал. да прытрымліваць.

прытры́мліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прытрымаць.