прыдзі́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Папрок, заўвага, абвінавачанне, зробленае без дастатковых падстаў. Аднак і гэтую рахманую газету царскія чыноўнікі заціскалі рознымі прыдзіркамі, прыгняталі штрафамі. Колас. — А я думаю, таварыш Собіч, што гэта проста прыдзірка. Няма ў нас зладзеяў! Скрыган. // Крытычныя адносіны да чаго‑н. Чытаць раман з прыдзіркай.
прыдзі́рлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і якасць прыдзірлівага, схільнасць да прыдзірак. Юрка не бачыў такой прыдзірлівасці нават на заводзе ад майстра, калі адбываў там сёлета ў ліпені .. слясарную практыку. Ермаловіч.
прыдзі́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Які часта і да ўсяго прыдзіраецца, вышуквае ва ўсім недахопы. Ад бяздзеяння, нуды і зайздрасці здаровым таварышам камандзір стаў неспакойным, прыдзірлівым. Брыль. Якая ні прыдзірлівая была пані, але хваліла Васілене за ўмельства. Броўка. Патрабавальная і прыдзірлівая камісія заўважае кожную шчыліну ў дзвярах, дрэнна закітаваную шыбу, няроўна пафарбаваную падлогу. Грахоўскі. // Які мае ў сабе прыдзірку, з прыдзіркай. Каб пазбегнуць прыдзірлівых позіркаў вайскоўцаў, мне прыходзілася на левай руцэ насіць чорную пальчатку. Навуменка.
прыдо́брывацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да прыдобрыцца.
прыдо́брыцца, ‑добруся, ‑добрышся, ‑добрыцца; зак.
Выклікаць чыю‑н. прыхільнасць да сябе, увайсці ў ласку да каго‑н., робячы паслугі, падарункі і пад.; паддобрыцца.
прыдо́нны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца на дне, каля дна вадаёма. Прыдонныя пласты вады. Прыдоннае каменне. Прыдонны пясок. // Які жыве, расце ў ніжніх пластах вады, на дне. Прыдонныя рыбы. Прыдонная жыўнасць. Прыдонныя водарасці.
прыдрама́ць, ‑драмлю, ‑дрэмлеш, ‑дрэмле; зак.
Разм. Тое, што і прыдрамнуць. Касцы доўга не ляжалі, хоць хацелася прыдрамаць. Колас.
прыдрамну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм. Заснуць неглыбокім сном на кароткі час; задрамаць. Чаму ў першы момант [Зайцоў] не разабраў, адкуль ехалі, цяжка было сказаць, мабыць, усё-такі прыдрамнуў, хоць і ўсімі сіламі не паддаваўся сну. Кулакоўскі. — Чалавек можа прыдрамнуць, недачуць.. уночы, а гэты вартаўнік [аўчарка] — абсалютна верная справа. Паслядовіч.
прыдра́цца, ‑дзяруся, ‑дзярэшся, ‑дзярэцца; ‑дзяромся, ‑дзерацеся; зак., да каго-чаго.
Выкарыстаць што‑н. як зачэпку для заўвагі, папроку, абвінавачання, часцей неабгрунтаваных. Прыдрацца да слова. □ У семінарыю [Жылуновіча] не прынялі: прыдраліся да таго, што нібыта перарос. С. Александровіч. // Абвінаваціць, унікнуць каго‑н. у чым‑н. без дастатковых падстаў. Нават самыя прыдзірлівыя прарабы і майстры не маглі прыдрацца да .. начальніка будоўлі. Дадзіёмаў.
прыдрукава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыдрукаваць.