Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прагнаты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які вызначаецца прагнатызмам.

прагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. каго-што. Прымусіць пайсці адкуль‑н. [Лабановіч] помніць спатканне з незнаёмаю жанчынаю, што ішла да яго, а ён прагнаў яе. Колас. Стары таксама падняўся.., без патрэбы паправіў на стале бялюткі абрус, прагнаў з лавы ката. Васілевіч. // Вызваліць прымусова ад выканання якіх‑н. абавязкаў. [Антаніна Пятроўна:] З завода цябе прагналі, і тут я вінавата. Крапіва. // Прымусіць адступіць (ворага, непрыяцеля). Калі ж прагонім чужаземца, Калі пакінем мы лясы, Случчанка гладзіць зноў красёнцы Ткаць залатыя паясы. Астрэйка.

2. каго-што. Гонячы, прымусіць рухацца ў якім‑н. напрамку праз што‑н., побач з чым‑н. і пад. Па цэнтральнай вуліцы прагналі некалькі чалавек палонных немцаў. Гурскі. — Я табе памагу прагнаць [кароў] паўз грэчку, — сказаў Скуратовіч. Чорны. // Накіроўваючы куды‑н., правесці. Прагнаць плыты.

3. перан.; што. Прымусіць знікнуць; рассеяць, спыніць, пазбавіцца чаго‑н. Думкі зусім прагналі сон. [Якаў] адчыніў свіран і сеў на парозе. Чарнышэвіч. Пачуўся недзе далёка-далёка плач трубы пастуха. Гэты знаёмы і блізкі сэрцу гук прагнаў усе змрочныя думкі. Чарот.

4. што і без дап. Вельмі хутка праехаць, прабегчы якую‑н. адлегласць.

5. што. Хутка рухаючыся або накіроўваючы рух чаго‑н., утварыць пракос, разору і пад. Прагнаць пракос. Прагнаць разору.

6. перан.; што. Разм. Напіцца; наталіць. [Нор] піў і ўсё ніяк не мог прагнаць смагу. Шамякін.

прагніва́ць, ‑ае.

Незак. да прагніць.

прагні́лы, ‑ая, ‑ае.

Які прагніў. [Сябры] сталі на драўляным, прагнілым мосціку. Пестрак.

прагні́сці і прагні́ць, ‑гніе; зак.

Згнісці, згніць наскрозь. Ужо даўно працякаў дах, прагнілі некаторыя дошкі ў вагоне. Лынькоў. // перан. Дайсці да стану распаду. Стары свет дашчэнту прагніў, струхлеў. Гурскі.

прагно́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прагнаіць.

прагно́з, ‑у, м.

Прадбачанне, прадказанне, заснаванае на пэўных дадзеных. [Вясна] надышла нечакана, насуперак прагнозу, які дало бюро надвор’я. Шамякін. Давяраўся сваёй інтуіцыі і Багдановіч, калі прарочыў будучае Коласу, Бядулі, Гарэцкаму. Але перш за ўсё яго прагнозы абапіраліся на рэальныя факты, на ўласны вопыт. Лойка.

[Грэч. prognōsis.]

прагно́зны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прагнозу; заснаваны на прагнозе. Прагнозныя карты. // Які вызначаецца на аснове прагнозу. Прагнозныя залежы руды.

прагно́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Спец. Спосабы складання прагнозаў.

2. Уст. Тое, што і прагноз.

прагну́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прагнуць.

2. у знач. прым. Які прагнуўся; выгнуты ўніз. Такія хаты з прагнутымі стрэхамі і крывымі акенцамі Ганька бачыла, ідучы ў школу. Васілевіч.