прытка́ць, ‑тку, ‑тчэш, ‑тчэ; ‑тчом, ‑тчаце, ‑ткуць; заг. прытчы; зак., што і чаго.
Выткаць яшчэ, у дадатак да ўжо вытканага.
пры́ткі, ‑ая, ‑ае.
1. Скоры, хуткі, імклівы. Дзяўчына ішла прыткай хадой, як бы і не чуючы таго маленькага чамаданчыка, які яна несла ў руках. Краўчанка. // Вёрткі, спрытны. — Чаго гарланіш! У баі быў бы такі прыткі — не лямантаваў бы цяпер. М. Ткачоў. — А тут за сцяною куры. Хадзем, але каб толькі не павыскаквалі, яны ў нас прыткія. Галавач.
2. перан. Які прагне хутчэй дасягнуць чаго‑н., зрабіць што‑н. Да навукі прыткі [дзед], З тэхнікай дружыў. Зуёнак. — Ого, які прыткі! Можа праліцца кроў! Лепш не пачынаць [біцца]! — заўважыў нехта. Карпюк.
прыткну́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыткнуць.
прыткну́цца, ‑ткнуся, ‑ткнешся, ‑ткнецца; ‑ткнёмся, ‑ткняцеся; зак.
1. Злёгку дакрануцца, даткнуцца да каго‑, чаго‑н. Камбат даў мне прыкурыць ад сваёй папяросы. Мне доўга не ўдавалася прыткнуцца да яе. Васілёнак. У арміі ён спаў добра. Прыткнецца да падушкі і гатоў. Навуменка.
2. Разм. Прыхіліцца да каго‑, чаго‑н., абаперціся аб што‑н. Спінай да .. [печы] прыткнулася гордая, як каралева, з халоднымі карымі вачамі прыгажуня Міра. Карпюк. // Прымасціцца, прысесці дзе‑н. Невялікі садок нашага двара. Нам і прыткнуцца няма дзе. Вітка.
3. Наблізіцца да чаго‑н., размясціцца ўпрытык з чым‑н. На разліве, сярод магутных дубоў, што стаялі па пояс у вадзе, прыткнуліся адзін да аднаго некалькі чаўноў. Караткевіч.
4. перан. Разм. Уладкавацца (на якое‑н. месца, пасаду), паступіць куды‑н., прыстроіцца дзе‑н. Саўка ляжаў і думаў. У такім цяжкім беспрасветным стане ён не быў ніколі. Куды ж яму падацца і што рабіць? Дзе ён цяпер прыткнецца?.. Колас. [Сёмка:] — У клубе якраз пасада кінамеханіка пуставала. От і прыткнуўся я туды. Кандрусевіч. // Знайсці прыстанішча дзе‑н. — Вот спалілі сяло, трохі ўцякло народу, а куды прыткнуцца? Навуменка.
прыткну́ць, ‑ткну, ‑ткнеш, ‑ткне; ‑ткнём, ‑ткняце; зак., каго-што.
1. Злёгку дакрануцца, даткнуцца чым‑н. да каго‑, чаго‑н., прыкласці на момант. Дануся праз вочка металічнай сеткі прыткнула губы да маёй шчакі. Карпюк.
2. Разм. Наблізіць што‑н. да чаго‑н., размясціць што‑н. упрытык з чым‑н. Акаловіч пераскочыў цераз .. [Паліводскага] і рынуўся ў акно, але адразу [ў]скочыць на падаконнік не мог, а паспеў яшчэ прыткнуць да сцяны крэсла. Чорны.
3. Змясціць, размясціць, пакласці што‑н. Аўтамат.. [баец] прыткнуў між калень. Быкаў. «Няма дзе чалавеку спаць, — падумаў Андрэй. — Хоць бяры ды яшчэ адзін ложак стаў у хаце... А куды яго прыткнуць!..» Чарнышэвіч. Ты ідзі, цябе не зачэпяць, — зашаптаў Сіла Прохаравіч. — Прыткні іх [магнітныя міны] дзе-небудзь у кар’еры. Навуменка.
4. перан. Разм. Прыстроіць, прыладзіць каго‑н. куды‑н. (на якую‑н. пасаду, месца). Дзеда Піліпа абыходзіла балюча пытанне адносна лёсу старых у калгасе. Куды ты іх там прыткнеш? Колас.
прытно́м, прысл.
Абл. Непасрэдна адзін за адным, без перапынку; запар. А рыжы хлопчык пры камінку Чытае тонкім галаском Пра царскі дом, хістанні рынку, Без выбару, усё прытном. Лужанін.
прыто́ены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прытаіць.
2. у знач. прым. Тайны, скрыты; затоены. Макоўчык гаварыў з самай сур’ёзнай мінай, але Запару ў яго словах чуўся прытоены смех. Мележ. — Ну, вы жартуеце, што ўсё тут смачнае, — з прытоеным гонарам сказала гаспадыня. Арабей.
3. у знач. прым. Які тоіць у сабе што‑н.: загадкавы. На прапанову аб прызначэнні загадчыцай фермы Ганны Хведасюк сход адказаў прытоеным маўчаннем. Навуменка. Прытоеная цішыня чутка вартавала кожны гук, кожны нясмелы шолах. Колас.
прыто́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прытаіцца.
2. Зал. да прытойваць.
прыто́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прытаіць.