Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прытвара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да прытварыцца.

прытвары́цца, ‑тваруся, ‑творышся, ‑творыцца; зак.

Прыняць на сябе які‑н. выгляд з мэтай увесці каго‑н. у зман; прыкінуцца. Прытварыцца хворым. □ І Юрка Хмялеўскі глядзеў на яго і дзівіўся, што гэты звер і прайдзісвет можа прытварыцца сапраўдным панам. Чарнышэвіч. Матацыкліст узняўся і далажыў афіцэру, што калі ён ляжаў, прытварыўшыся мёртвым, нехта ў яго з рукі зняў гадзіннік. Карпюк. Я прытварыўся, што нічога не ведаю, але тата ўжо здагадаўся, што гэта наша работа, і пагразіў пальцам. Пальчэўскі.

прытво́р, ‑а, м.

Пярэдняя частка царквы непасрэдна за паперцю. Ён увайшоў у царкву. У прытворы гарэла тоненькая свечка. Чорны.

прытво́ра, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Тое, што і прытворшчык (прытворшчыца). — А ты не прачытаў бы дзённіка сястры, каб ён трапіў табе на вочы? Не люблю прытвораў! Шамякін.

прытво́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прытворнага.

прытво́рны, ‑ая, ‑ае.

Які выдаецца за сапраўднае; няшчыры, штучны. Прытворны смех. □ Сакратарка ўсміхалася, а потым з прытворнай сур’ёзнасцю кулаком пагразіла рэдактаравым дзвярам. М. Стральцоў. Спагада прытворная, словы фальшывыя! А як бы жылося святлей і чысцей, Каб хулігана і хама за шыварат Мы бралі часцей. Панчанка.

прытво́рства, ‑а, н.

1. Няшчырыя, ілжывыя паводзіны з мэтай увесці ў зман. Увогуле ўзаемаадносіны паміж людзьмі на заводзе.. [Славіку] падабаліся. Няма той інтэлігенцкай ветлівасці, як на студыі, але няма і прытворства. Шамякін. Халуста пакрысе пачаў рабіцца такім, якім ён быў заўсёды на людзях, і Беразоўскі не мог зразумець, дзе пачынаецца і канчаецца яго прытворства. Чарнышэвіч.

2. Тое, што і прытворнасць. — Мы яшчэ не паспелі пазнаёміцца, а ўжо быццам як сварыліся. — Няўжо? — здзіўлена ўсклікнуў Хрупак, і Залуцкі адчуў у яго здзіўленае прытворства. Чыгрынаў.

прытво́ршчык, ‑а, м.

Той, хто прытвараецца, прыкідваецца. — Сустракаў і такіх, але гэта — анармальнасць, — усё больш разыходзіўся.. [Пётр Пятровіч]. — Гэта — поза, а ў позу становяцца толькі прытворшчыкі. Шахавец.

прытво́ршчыца, ‑ы, ж.

Жан. да прытворшчын.

пры́ткасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прыткага. А вот ужо на весялосць ды прыткасць у скоках не было .. [Лукер’і] роўніцы. Ракітны.