збры́дзець, ‑ее; пр. збрыдзеў, ‑дзела; зак.
Разм. Апрыкраць, апастылець. — Глядзець ні на што не магу, усё так збрыдзела. Чарнышэвіч.
збры́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
Разм. Зрабіцца брыдкім, агідным.
збры́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
Разм. Зрабіць брыдкім, агідным. Збрыдзіць твар грымам.
збры́днуць, ‑не; пр. збрыднуў, ‑дла; зак.
Разм. Тое, што і збрыдзець. Палаяўшыся з паўгадзіны каля студні, .. [Аўдоля і Акуля] разышліся: адна пайшла ў адзін канец вуліцы, другая — у другі, бо ім збрыдла лаяцца, і гэта не давала жаданых вынікаў. Колас.
збрыкетава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад збрыкетаваць.
збрыкетава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.
Зрабіць брыкеты з чаго‑н. Збрыкетаваць торф.
збрысці́, збрыду, збрыдзеш, збрыдзе; збрыдзём, збрыдзяце; зак.
Разм. Сысці куды‑н., пакінуўшы сваё месца. Цяля збрыло невядома куды.
збрыць, збрыю, збрыеш, збрые; зак., што.
Зрэзаць (брытвай) валасы. Збрыць бараду.
збудава́нне, ‑я, н.
Тое, што збудавана; пабудова, будынак. Спартыўнае збудаванне. Абароннае збудаванне. □ Каля сядзібы мы заўважылі нейкае дзіўнае драўлянае збудаванне. В. Вольскі.
збудава́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак.
Пабудаваць для сябе будынак (будынкі), пабудавацца. — [Паўлюк] хоча, каб я аддаў свой зруб пад клуб у калгас. За дармовы лес, кажа, збудаваўся. А я яго прадам калгасу сам. Пташнікаў.