прытаі́цца, ‑таюся, ‑тоішся, ‑тоіцца; зак.
Схавацца або прыцішыцца, імкнучыся застацца незаўважаным. Выслаўшы ў сяло разведку, партызаны прытаіліся ў нізінцы каля возера, у густым асінніку. Краўчанка. Прытаіўся дзед у хмызняку і асцярожна узіраецца перад сабою. Колас. // Прыціхнуць, замерці. Прытаіўся сход — слухаў, з чаго будзе пачын. Баранавых. Валька выпіла з імі паўчаркі, легла на печы з Верачкай і прытаілася. Брыль.
прытаі́ць, ‑таю, ‑тоіш, ‑тоіць; зак.
1. каго-што. Схаваць, скрыць, утаіць. Прытаіць грошы.
2. што. Не выказаць, не раскрыць іншым, захаваўшы ў сабе (думкі, пачуцці і пад.). Прытаіць злосць. Прытаіць страх.
прыта́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Слухаючы што‑н. або назіраючы за чым‑н., выказваць сваю згоду словам «так»; падтакваць. Бедныя думаюць і гавораць інакш. Яны прагна слухаюць весткі аб СССР, з захапленнем прытакваюць, пакручваюць галовамі. Пестрак.
прыта́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да прытакваць.
прытамі́цца, ‑тамлюся, ‑томішся, ‑томіцца; зак.
Разм. Стаміцца, прыстаць. У два рады пастаўлены тут лаўкі на роўнай адлегласці адна ад другой, каб было дзе пасядзець у добрае надвор’е людзям, калі прытомяцца шпацыруючы. Колас. Ужо і рукі ад цяжкага кошыка забалелі, і ногі прытаміліся, і адпачыць зноў захацелася, а знаёмай дарогі ўсё не было і не было. Сіняўскі.
прытамі́ць, ‑тамлю, ‑томіш, ‑томіць; зак., каго-што.
Разм. Давесці да стомленасці; стаміць. Доўгая і трудная хада без дарог па лесе прытаміла дзеда Талаша. Колас. Адпачыць быў кожны рад — Прытаміла праца. Гілевіч.
прытамля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.
Незак. да прытаміцца.
прытамля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да прытаміць.
прытанцо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Падскокваць, рабіць рухі нагамі, быццам танцуючы. [Паўлік] ходзіць па хаце і прытанцоўвае. Лужанін. Раздзеўшыся, [пасажыры] пускалі ваду і, пакуль хапала духу, мыліся і прытанцоўвалі пад ледзяным пругкім струменем, які сек цела. Карпаў. // Суправаджаць што‑н. танцамі, танцавальнымі рухамі. Ішоў Вацлаў Санкоўскі і, як ні ў чым не бывала, зухавата ўзяўшыся ў бокі, прытанцоўваў і спяваў польскія прыпеўкі. Пестрак. [Гардзіенка] па-заліхвацку весела і заўзята пачаў прытанцоўваць, узяўшыся ў бокі, то прысядаць, то выкідваць ногі ўперад. С. Александровіч.
прытапта́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прытаптаць.
2. у знач. прым. Прымяты, прыціснуты ў часе хады. Пад ногі на дарозе стала [трапляцца] пагнутая і прытаптаная жоўтая папараць і сіне-ружовы верас. Пташнікаў. Каб суняць дыханне, Алесь трохі прайшоўся па прытаптанай абочыне і прысеў. Шыцік.