прысягну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Разм. Тое, што і прысягнуць. — Стараста не дасць маніць! — прысягнулася кабета. Нікановіч.
прысягну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Даць прысягу; паклясціся. Мы прысягнулі адпомсціць за пакуты нашага салдата. Чорны. // Пакляўшыся, запэўніць каго‑н. у чым‑н. [Аўгіня:] — Не бойцеся, бабка, мяне, дзецьмі прысягну, што нікому не скажу. Колас. — Прысягнуць магу, што ані нічога не чула. Ермаловіч.
прысяда́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прысядаць — прысесці.
2. Рэверанс. Такімі ж борздымі крокамі падышла .. [Габрынька] і да госця, працягнула яму сваю яшчэ дзіцячую руку, зрабіўшы прысяданне, якое Лабановіч бачыў першы раз. Колас.
прысяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да прысесці.
2. Падгінаць, згінаць калені (пры хадзьбе). Плаўна рухаючы нагамі і прысядаючы, як на каньках, шпік перабег вуліцу. Самуйлёнак.
прысядзі́бны, ‑ая, ‑ае.
Які размяшчаецца, знаходзіцца пры сядзібе. Прысядзібны ўчастак. Прысядзібныя землі. □ Сонца ўжо даўно зайшло, і лёгкі змрок ахутваў хаты і прысядзібныя дрэвы. Паслядовіч.
прыся́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Уст. Які прыняў прысягу, прысягнуў каму‑н.
2. Разм. Пастаянны, заўсёдны. І прэлат з Ліптова завітаў з паклонам. Гэты быў у [караля] прысяжным шпіёнам. Бажко.
3. у знач. наз. прыся́жны, ‑ага, м. У буржуазным судзе — выбарная асоба, якая ўдзельнічае ў разборы судовых спраў. Суддзя часта пазяхаў. Аб нечым параіўшыся з прысяжнымі, ён пачаў допыт Джыавані. Лынькоў.
•••
Прысяжны павераны гл. павераны.
Суд прысяжных гл. суд.
прысялі́цца, ‑сялюся, ‑селішся, ‑селіцца; зак.
Пасяліцца да ўжо раней паселеных; падсяліцца.
прысялі́ць, ‑сялю, ‑селіш, ‑селіць; зак., каго-што.
Пасяліць дадаткова да раней паселеных; падсяліць.
прысяля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да прысяліцца.
2. Зал. да прысяляць.
прысяля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да прысяліць.