збожжапу́льт, ‑а, М ‑льце, м.
Машына для ачысткі і сартавання, а таксама для перагрузкі і сушкі збожжа.
збожжасто́й, ‑ю, м.
Расліннае покрыва збожжавых палёў да ўборкі. Густы збожжастой.
збожжасхо́вішча, ‑а, н.
Памяшканне для захоўвання збожжа. Пабудаваць збожжасховішча.
збожжаўбо́рачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да збожжаўборкі. Збожжаўборачныя работы. Збожжаўборачная пара. // Які прызначаецца для збожжаўборкі. Збожжаўборачны камбайн.
збожжаўбо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
Уборка збожжа. Падрыхтоўка да збожжаўборкі. Закончыць збожжаўборку.
збожжафура́ж, ‑у, м.
Збожжа і фураж як прадметы сельскагаспадарчых нарыхтовак.
збожжафура́жны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да збожжафуражу.
збой, ‑ю, м.
1. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н., цесна сабранага, збітага ў адным месцы. І ў гэткім шуме можна парою нічога не чуць, і ў гэткім збоі людзей можна часамі быць адзінокім. Брыль.
2. Перабой у руху, рабоце, дзеянні. [Становішча] вось-вось пяройдзе за тую мяжу, калі замінка дзе-небудзь у адным месцы імгненна выкліча збоі ў іншых месцах. Васілёнак.
3. Спец. Галава, ногі і ўнутранасці забітай на мяса жывёлы.
збо́йка, ‑і, ДМ збойцы; Р мн. збоек; ж.
1. Падрыхтоўчая горная выпрацоўка, якая злучае дзве другія і прызначаецца для розных дапаможных мэт.
2. Злучэнне дзвюх сустрэчных выпрацовак пры праходцы іх.
збо́ку, прысл.
1. З краю, не ў сярэдзіне, не ў цэнтры. Збоку ад дарогі. □ Недзе далёка збоку, на левым краі, за ракою засакатаў кулямёт. Краўчанка. У цэнтры сядзіць суддзя — высокі мужчына з дабрадушным тварам. Паабапал яго — два народныя засядацелі. А збоку за сталом — сакратарка. Дадзіёмаў. // Побач, поплеч. Разам з маці, Галейша Ганнай, выйшлі і сталі моўчкі збоку Жэня, Міця і Соня. Пальчэўскі.
2. З месца, аддаленага ад каго‑, чаго‑н. Хлопцы не раз бачылі трактары на полі. Але там яны глядзелі на іх збоку. Якімовіч. Збоку ўсё было падобна на вялікі цыганскі табар. Лынькоў. // перан. З пазіцыі старонняга, незацікаўленага чалавека. Так, збоку, новымі вачамі глядзела [Галя] сёння і на свой цэх, на людзей, з якімі працуе ўжо некалькі год. Арабей. — Канечне, — кажа [Мурашова], — збоку ўсё вельмі лёгка здаецца. Скрыган.
3. у знач прыназ. з Р. Побач з кім‑, чым‑н., паблізу каго‑, чаго‑н. Дзед моўчкі смокча сваю самаробную арэхавую люльку на ўслоне збоку стала. Якімовіч.
•••
Збоку прыпёку — пра каго‑, што‑н. зусім непатрэбнае, лішняе.