Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прагматы́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прагматычнага.

прагматы́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прагматызму; заснаваны на прагматызме. [М. Гарэцкаму] аднолькава чужыя.. прагматычны погляд на літаратуру як ілюстрацыю сацыялагічных тэзісаў і эстэтычныя тэорыі прыхільнікаў чыстага мастацтва. Мушынскі.

пра́гна, прысл.

З вялікай ахвотай, жаданнем. Чалавек прагна піў ваду, і з кожным глытком яе да яго нібы варочалася страчаная моц. Лынькоў. Павел, які сядзеў на канапе і прагна курыў, уздрыгнуў і баязліва паглядзеў на сястру. Шамякін. / у перан. ужыв. Языкі полымя прагна пачалі лізаць здабычу. Новікаў. // перан. З вялікай цікавасцю, інтарэсам; нецярпліва. Аленка прагна, але дарэмна ловіць словы — нічагутк[і] не чуваць. Колас. Як там, на далёкай чужыне, Так прагна ён вестак чакаў. Ад родных сваіх і ад сына. Астрэйка.

прагназі́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прагназіраваць.

прагназі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Саставіць (састаўляць) прагноз. Прагназіраваць развіццё навукі.

прагназі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Той, хто займаецца прагназіраваннем.

2. Метэаролаг, які складае прагнозы надвор’я і гідралагічных умоў (рэжымы водных басейнаў).

прагнаі́ць, ‑наю, ‑ноіш, ‑ноіць; зак., што.

1. Прывесці ў стан гніення; дапусціць развіццё гнілі ў чым‑н.

2. Гнаіць некаторы час.

прагнасты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прагнозу і да прагностыкі. Прагнастычная карта надвор’я.

пра́гнасць, ‑і, ж.

1. Імкненне задаволіць свае празмерныя жаданні, патрэбы. Сцяпан Самасейка навучыў мяне ненавідзець багацце, уладную сілу грошай, раскошу, асабісты дабрабыт і чалавечую прагнасць. Асіпенка. [Грышук:] — Паўнюткая торба [рыбы]! Дык не, яшчэ давай... Да чаго даводзіць прагнасць чалавечая! Ракітны. // Выяўленне жадання задаволіць якія‑н. патрэбы. Патржанецкі ўхапіўся за ежу з такой прагнасцю, нібы тыдзень нічога не еў. Чарнышэвіч.

2. Скупасць, жадлівасць. [Гаспадыня] ад прагнасці, што страціць дарэмныя рукі, аж задыхалася, твар у яе быў пабіты на плямы. Гурскі.

прагнаты́зм, ‑у, м.

Выступленне ўперад верхняй і ніжняй сківіцы чалавека.

[Грэч. pro — уперадзе і gnathos — сківіца.]