Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

завіто́к, ‑тка, м.

1. Завітая пасма валасоў; локан. З-пад кепкі выбіліся завіткі густых валасоў і паўкружжам ляглі на лоб. Карпаў.

2. Што‑н. у форме спіралі, закручанай лініі. У высях недзе Ракоча, кружыць самалёт.. І ён то серп, то дужку цягне, То піша спрытны завіток. Колас. // Віток спружыны, спіралі і пад.

завіту́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Тое, што і завіток (у 1 знач.). Пані Авяліна ледзь прыкметна ўсміхнулася і пачала папраўляць валасы, каб закруціць на скронях і ля вушэй завітушкі, якія заўсёды спадаюць на плечы. Бажко.

2. Тое, што і завіток (у 2 знач.). Па вечарах татка ўсё сядзіць над нейкімі паперамі, — кружочкі, завітушкі малюе. Даніленка.

заві́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад завіць (у 1 знач.).

заві́ўка, ‑і, ДМ ‑віўцы; Р мн. ‑вівак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. завіваць — завіць і завівацца — завіцца. Стрыжка і завіўка валасоў.

2. Прычоска ў выглядзе завітых валасоў. Кароткая завіўка замест кос як бы падменьвала ранейшую Касю нейкай другой. Васілевіч.

завіха́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. завіхацца.

завіха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Рабіць што‑н. вельмі старанна, рупліва. Ля адной платформы завіхаліся людзі на чале з Ваўчком — яны прыладжвалі з бярвення і дошак сход[ы] для машын. Хадкевіч. Зімою ў гэтым пакоі вучыліся чацвёрты і пяты класы, а летам завіхаліся служанкі: мылі, сушылі і прасавалі настаўніцкую бялізну. Лобан.

2. каля каго-чаго. Горача выяўляць сваю прыхільнасць, адданасць каму‑, чаму‑н. Завіхацца каля сям’і. □ Пантагрыні ж вельмі патрэбна была дапамога, таму ён і завіхаўся каля свайго заакіянскага госця. Маўр. // Заляцацца да каго‑н., упадаць за кім‑н. Гэтая прыгажуня з першага ж дня пачала неяк занадта шчыра завіхацца каля ўрача. Шамякін.

завіхля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

Разм. Пачаць віхляць.

завіхра́цца 1, ‑аецца.

Незак. да завіхрыцца ​1.

завіхра́цца 2, ‑аецца.

Незак. да завіхрыцца ​2.

завіхры́цца 1, ‑рыцца; зак.

1. Закружыцца, узняцца віхрам. Завіхрыўся пыл на дарозе. □ Ужо з комінаў хат гаманлівых Завіхрыўся дымок кучаравы І расплыўся ў блакітным бяздонні. Журба. Шуганула імклівая полька. Завіхрыліся пары. Пестрак.

2. перан. Бурна праявіцца; забурліць, закіпець (пра падзеі, пачуцці і пад.). Завіхрылася жыццё і бурліць, як чорны вір. Колас.

завіхры́цца 2, ‑рыцца; зак.

Падняцца віхрамі, пасмамі. Салома на страсе завіхрылася.

завіхры́ць 1, ‑рыць; зак.

1. што. Закружыць, узняць віхрам. Вецер завіхрыў пясок. / у безас. ужыв. Завіхрыла снег на полі.

2. перан. Бурна праявіцца; забурліць, закіпець (пра падзеі, пачуцці і пад.). У грудзях завіхрыла разгарачанае пачуццё. Гартны.

завіхры́ць 2, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Падняць віхор, пасмы. Завіхрыць валасы.