зблі́зку, прысл.
З блізкай, на блізкай адлегласці; блізка. Разгледзеўшы панну Марыну зблізку, Лабановіч знайшоў, што такой слаўнай дзяўчыны ён яшчэ ні разу не бачыў. Колас. // З блізкай мясцовасці. Чалавек ішоў, відаць, не зусім зблізку і вельмі спяшаўся. Кулакоўскі. Родам .. [Вялічка] быў не тутэйшы, хоць зблізку, але з мясцовасці крыху іншай, як тут. Чорны.
збло́ціць, зблочу, зблоціш, зблоціць; зак., што.
Абл. Сапсаваць, зглуміць. Многа зблоціла, пад’ела І магла б ісці дадому, Ды па свінскай завядзёнцы Завалілася ў салому. Дзеружынскі.
зблудзі́цца, зблуджуся, зблудзішся, зблудзіцца; зак.
Разм. Тое, што і зблудзіць. — Не зблудзіцца б нам у гэтым гушчары, — ціха сказаў [Лясніцкі]. Шамякін.
зблудзі́ць, зблуджу, зблудзіш, зблудзіць; зак.
Згубіць дарогу, страціць арыенціроўку; заблудзіць. Зблудзіць у пушчы. // перан. Стаць на няправільны, заганны шлях жыцця, зрабіць памылку ў жыцці. Пасля такога заключэння ўсе, хто быў на абмеркаванні, зірнулі на мяне: адны са спагадай — маўляў, хлопец зблудзіў, другія з прытоеным яхідствам. Сабаленка.
зблы́танасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан зблытанага. Зблытанасць думак.
зблы́таны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад зблытаць.
2. у знач. прым. Перавіты, пераплецены, перамешаны ў беспарадку. Лявон ішоў па садзе — ад дрэўца да дрэўца, кратаў іх рукамі, дзе зрываў леташні ліст, дзе зблытаную павуціну... Кудравец. Рыжык хітра ўсміхнуўся, страсянуў мокрай, зблытанай чупрынай. Кухараў.
3. у знач. прым. Няясны, бязладны, блытаны. Ад мноства зблытаных думак, здавалася, разваліцца галава... Ваданосаў. Тое, што было далей, Тураўцу помніцца нязвязанымі, зблытанымі ўрыўкамі. Мележ.
зблы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перамяшацца, пераплесціся ў беспарадку; пераблытацца. Валасы зблыталіся. □ Вада расплёхалася, а кветкі зблыталіся, намоклі. Баранавых. // Пераплесціся, счапіцца з чым‑н. Чорная густая чупрына зблыталася з свежай травою. Бядуля. // перан. Страціць выразнасць, дакладнасць; змяшацца. Думкі зблыталіся. □ І пякучая крыўда, і боль, і страх, што пан можа пакараць за яго бацькоў, — усё зблыталася ў адзін клубок. Пальчэўскі.
2. Разм. Дапусціць памылку ў чым‑н.; збіцца. Зблытацца ў падліку. □ А Лёня не разгубіўся: — Я ж акурат так пачынаў рашаць гэты прыклад, ды толькі крышачку зблытаўся. Васілевіч. // Згубіць сувязь у думках, словах; заблытацца. [Байкоў] прыкметна хваляваўся, глядзеў у паперку, каб не зблытацца. Шамякін.
3. Разм. Звязацца з кім‑н., уступіць у якія‑н. сувязі, адносіны (звычайна ганебныя). Зблытацца з бандытамі. □ Адслужыўшы два гады ва ўланах, .. [Зыгмусь] зблытаўся з жонкай настаўніка гарэліцкай сямігодкі. Брыль.
зблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Пераплесці ў беспарадку; пераблытаць. Зблытаць ніткі. Зблытаць валасы. □ Каб рукі, ногі пакруціла Нячыстай, цёмнай сіле той, Якая долу паваліла, Памяла, зблытала, скруціла Цябе, лянок харошы мой. Бялевіч. // Парушыць парадак чаго‑н. Зблытаць лісты рукапісу. □ Тут на момант .. [дзеці] збіліся, зблыталі строй. Ракітны. // перан. Унесці блытаніну; пазбавіць яснасці, выразнасці, дакладнасці. [Выступленне сакратара] яшчэ больш зблытала і ўскладніла [Максімавы] думкі. Шамякін. Але зноў усё зблытаў, нечакана паявіўшыся, Каляда. Скрыган.
2. Памылкова прыняць адно за другое; пераблытаць з кім‑н., чым‑н. [Аўсянку] можна нават з вераб’ём зблытаць: такая ж шэранькая. Ігнаценка. Галя пагражальна паківала каля яго носа пальцам і строга сказала [Змітраку]: — Ты толькі не зблытай мяне з Інай. Ваданосаў.
3. Разм. Збіць з толку, прывесці ў замяшанне. Падказка зблытала вучня.
•••
Зблытаць карты чые або каго — разладзіць, парушыць чые‑н. планы, намеры.
Зблытаць сляды (след) — збіць са следу каго‑н., накіраваць па няправільнаму следу.
зблы́тванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. зблытваць — зблытаць.
зблы́твацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да зблытацца.
2. Зал. да зблытваць.