зблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Пераплесці ў беспарадку; пераблытаць. Зблытаць ніткі. Зблытаць валасы. □ Каб рукі, ногі пакруціла Нячыстай, цёмнай сіле той, Якая долу паваліла, Памяла, зблытала, скруціла Цябе, лянок харошы мой. Бялевіч. // Парушыць парадак чаго‑н. Зблытаць лісты рукапісу. □ Тут на момант .. [дзеці] збіліся, зблыталі строй. Ракітны. // перан. Унесці блытаніну; пазбавіць яснасці, выразнасці, дакладнасці. [Выступленне сакратара] яшчэ больш зблытала і ўскладніла [Максімавы] думкі. Шамякін. Але зноў усё зблытаў, нечакана паявіўшыся, Каляда. Скрыган.

2. Памылкова прыняць адно за другое; пераблытаць з кім‑н., чым‑н. [Аўсянку] можна нават з вераб’ём зблытаць: такая ж шэранькая. Ігнаценка. Галя пагражальна паківала каля яго носа пальцам і строга сказала [Змітраку]: — Ты толькі не зблытай мяне з Інай. Ваданосаў.

3. Разм. Збіць з толку, прывесці ў замяшанне. Падказка зблытала вучня.

•••

Зблытаць карты чые або каго — разладзіць, парушыць чые‑н. планы, намеры.

Зблытаць сляды (след) — збіць са следу каго‑н., накіраваць па няправільнаму следу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)